— А ты, Талалайка, разваж сур’ёзна. Ці ў дарозе паміраць, ці тут — адзін смак.
Вочы Толікавы прымружыліся — (сьвятло ў прымружаных вачох ходзіць спэктрам) —ён адкінуў назад галаву, рукамі абхапіў калены і гэтак застыў на момант.
— Хіба ты думаеш, што мы памром, Рубан? Мне некалісь бацька казаў… — Вочы
шырокімі зрабіліся: успомніў бацьку… — што людзі памруць тады, калі сонца пагасьне. Вось, прыкладам, пойдзем мы ў Менск, а сонца па дарозе
возьме дый пагасне. Што ты скажаш тады, га?
Рубан толькі цяпер заўважыў, што на зямлі Толік намаляваў шырокае сонца — сонца гэтае было падобна на сонечнікі, што расьлі за каменнай сьцяной, у гародчыку.
— Што я магу сказаць? Я вось мяркую, што мы ўсё-ж пасьпеем да Менску дайсьці. Пакуль яшчэ тое сонца…
— А чаму канешне ў Менск? — запытаўся Толік, і па гэтаму запытаньню Рубан зразумеў, што таварыш ужо не супярэчыць яго ідэі. — Пойдзем брата шукаць. Ён недзе на фронце.
Рубан працягнуў руку і сур’ёзна сказаў:
— Давай руку, сламшчыкамі будзем. Брата дык брата. Абы адсюль выбрацца.
— Заўтра за пераездам чакай. Дый у слабодку не хадзі, пойдзем удвох.
— Не шманай, хлапец, са мной не прападзеш, — і Рубан выкаціў грудзі, надзьмуў шчокі.
Яны разышліся.
Над панадворкам стаяла сонца, гарэла на сонцы дробнае каменьне ды аскеп’е шкла, зямля гарэла сонцам, а на зямлі было старанна выведзенае пальцамі сонца, сонца гэтае было падобна на сонечнікі, што расьлі за каменнай сьцяной, у гародчыку.
І былі на зямлі — на сонцы — сьляды босых ног.
15
Былі перапынкі, а ў іх: няма адпачынку ўсё адно — майткі падраліся, залатаць трэба; чаю згатаваць ня шкодзіць; вошы заядаюць — паміж складак густым напластам; ліст да жонкі,