Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Шастакоў?

— Так… ён?

— А чаму-ж яму не хадзіць? Ходзіць, і райком зусім задаволены ягонай работай.

— Задаволены? — перадзёрнуў плячыма Шыхтэр. — А я не задаволены! І табой, Несьцярэнка, не задаволены, і ўсёй вашай сыстэмай работы.

Постаці Карновіча і Несьцярэнкі ўдавалі з сябе два — аднальковага памеру — пытальнікі: Карновіч паднасіў да роту папяросу дый гэтак і застыў на палове руху, а Несьцярэнка ссунуў на паталіцу шапку і пытліва ўпяў у дырэктара свой позірк.

— Вы сваім налётам, таварышы, дэзорганізавалі цэх! Вось што. Я буду аб гэтым гаварыць на бюро колектыву.

І хлопцы зарагаталі ў дырэктараў твар, і надыйшла чарга здэтанавана пазіраць за дырэктарам.

— Чаго вы выскаліліся?

Карновіч аж заходзіўся ад рогату. Апаноўвала яго весялосьць. Ён ляпнуў рукой па Несьцярэнкавым плячы і той — нібы ў адказ — зарагатаў яшчэ мацней.

— Ну?

Потым узлаваў, не дачакаўшыся на адказ, і пабег, кінуўшы нахаду:

— На бюро парагочаце! Я вам яшчэ давяду!..

— Гэта ён сур’ёзна?

— А чорт яго ведае! — адказаў Карновіч, абціраючы спацелы твар. — Ён давядзе! Трасцу ён давядзе. Ну, шпарма!

Яны пайшлі ў мэханічны праводзіць з другой зьменай мітынг. І ведалі абодвы, што мітынг будзе бурным, бо стаяла на ім пытаньне аб ударніцтве і спаборніцтве. Трывожна было, але заспакойвала Несьцярэнку адно: у ягонным блёкноце быў сьпіс тых комсамольцаў, якія організаваліся першымі — яшчэ да мітынгу — ва ўдарную комсамольскую брыгаду.

А Шыхтэр тымчасам, смокчучы кончык алаўка, пісаў тэзісы для выступленьня на бюро партколектыву. Уласна кажучы, справа была яснай, але моцна ў Шыхтэраву прывычку ўвайшло пісаньне тэзісаў.