Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вярнулася да канапы. Ня ўседзела. Падышла да стала. Блуклівы позірк абмацваў рэчы на стале: грудок кніжок, шклянку з ахаладалым чаем, нажнічкі, расчыненую пудраніцу, фотографіі, перавязаныя тасэмкай. Узяла фотографіі, рассыпала па стале. На вочы трапілася ягоная. Узяла і доўга ўзіралася: узіраўся на яе з фатаграфіі вясёлы твар — сьмяяліся вочы, заўсёднай няўрымсьлівасьцю, валамі ўзьбіваліся ўгару валасы, а ў вочы пішчанём лез белы нядбайна выпушчаны напаверх чорнай курткі, мяккі каўнерык.

Стук пачуўся ў сенцах. Сударгава падсунула фотографію пад газэціну. Абярнулася, адкінуўшы далоні рук на стол.

— Ня сьпіш хіба?

— Сьнег ідзе?

Страсаў з паліта кволыя сьняжынкі, падалі сняжынкі на падлогу пераапранёнымі ў кроплі.

— Так… Ідзе сьнег…

Зьдзеў паліто. Ушчапіў за ражок этажэркі, потым успомніў, што ў кішэні папяросы — каб хаця не замоклі. Выцяг. Закурыў. Парыўся ад хатняй цяплыні сьнег і віўся лёгкай мутой накураны Міколам дым.

— Вялікі ідзе сьнег?

— Так… Ладнаваты ідзе сьнег.

У ватовай густэчы думак закіпаў цурок войстрай трывогі. Адвяла вочы ад яго, зірнула ў кут, убачыла ягонае паліто, густа пасыпанае вядзяною лускай кропель.

— Летась сустракалі зіму… Весела, вечарынку гулялі ў Розы Калмановіч…

Атрасаў попел з папяросы на газэціну — клаўся попел роўнымі долькамі. Слухаў, прыжмуранымі вачыма пазіраючы на яе. Раптам устаў.

— Я зараз прыду, хай паліто вісіць…

— Куды ты? — спужалася, што нявыказанай застанецца трывога.

— Я зараз… — ужо ля дзьвярэй.

Вышаў. Жэня павярнулася да стала, пальцам расьціснула грудок — дольку — попелу: ён мякка рассыпаўся. За сьцяной — у гаспадыні — праз аднатоннае ціканьне гадзіньніка вы-