Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СПАСАЎСКАЯ ЦАРКВА НА СЬМЯДЫНІ.

патоўшчанага муру.

Што да надворнага выгляду царквы, — дык аднавіць яго можна, зразумела, толькі на падставе падабенства да іншых, лепш захаваных да нашага часу архітэктурных помнікаў XII сталецьця, — часткова да іншых смаленскіх, а таксама наўгародзкіх трохапсідных цэркваў кубічнага тыпу. Як мы ўжо зазначалі, надворны падзел сьмядынскае царквы з заходняга фасаду быў трохчленным, а з поўначы і поўдня чатырохчленным. У гэтым асаблівасьць ласьне гэтае царквы сярод іншых смаленскіх, паколькі ў гэтых апошніх, у сувязі з пераходам да чатырохслуповай конструкцыі, бакавыя фасады, падобна да заходняга, маюць таксама трохчленны падзел. У Ноўгарадзе-ж, аднак, таксама як і ў Кіеве, чатырохчленны падзел быў звычайным, як гэта можна бачыць, напрыклад, у Мікольскім саборы (1113 г.), у царкве Нараджэньня ў Антонавым манастыры (1116 г.), або ў Юраўскім саборы Юрава манастыра (1119–1130 г.), што паказвае на вядомае конструкцыйнае падабенства першапачатковых смаленскіх і наўгародзкіх будоў пад уплывам, напэўна, нейкіх супольных, хутчэй за ўсё кіеўскіх, першаўзораў.

Найболей цяжка вырашыць пытаньне аб перакрыцьці сьмядынскае царквы. У тых царкоўных будовах, што захаваліся з XII сталецьця як на Беларусі, гэтак і ў Ноўгарадзе, першапачатковага пакрыцьця, як вядома, нідзе няма, сучасныя-ж чатырохскатавыя дахі, разам з барабанамі кумпалоў, зьяўляюцца пазьнейшымі пераробкамі ХVІІ–ХVІІІ сталецьцяў. Аднак, у некаторых мясцох, як, напрыклад, у пералічаных намі вышэй наўгародзкіх будовах, а таксама ў царкве Добравешчаньня ў Віцебску, яшчэ захаваліся паўкруглыя аркі, якія злучаюць паміж сабой верхнія канцы лапатак, што сьведчыць аб ужываньні ў першапачатковай конструкцыі гэтых будынкаў пашыранай сыстэмы бізантыцкага пааркавага перакрыцьця па закамарах. Існаваньне падобнага-ж пакрыцьця можна дапусьціць і ў сьмядынскай царкве, частковае пацьвярджэньне чаму дае старадаўні рысунак яе, зьмешчаны на “Пляне аблогі і абароны места Смаленска ў 1634 г.”, гравіраваным у 1636 г. Вільгэльмам Гондам (або Гондыусам) з орыгіналу, зробленага вайсковым архітэктарам польскага караля Ўладыслава IV — Янам Плейтнэрам[1].

  1. Плян гэты мае агульны загалоўны надпіс: “Smolenscium Urbs, Ope Divina Vladislai IV Pol. Sveciaeque Regis invictissimi Principis virtute liberatum obsessi pbsessores Moscovitae et auxiliaril. Victi armis Hostes fortitudine. Vita Donati Clementia inusitata: Anno MDCXXXIV”; з левага боку знаходзіцца наступны дадатковы надпіс: „Per S-oe R-oe M-tis Architectum Militarum Dn Joannem Pleitnerum in ipso loso Delineatum Mensuratum ac Designatum А-о 1634 Et per S-oe R-oe M-tis Chalcoglyptem Iconographum et perspectivarium Delineatorum Privilegiatum Guilielmum Hondum vices incisum Gedani Anno 1636”. Адзін з адбіткаў яго знаходзіцца ў Смаленскім Музэі (№ 1028). Апублікаваны А. Даниловским: „Материалы Военно-Ученого Архива. Картографические материалы.” Вып. ІІ. СПБ. 1904.