Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАЯСНЫЯ ПРАЖКІ, БЛЯШКІ І ПРЫВЕСКІ.

даўскага[1] магільнікаў. У першым з іх яны маюць у большасьці таксама заходні характар, злучаны з бляшкамі, аздобленымі скандынаўскім пляценьнем, просталінейны па сваіх абрысах і звычайна самі зусім не орнамэнтаваны. Паясы складаюцца тут з даўгіх раменных палос, густа запоўненых шэрагам бронзавых бляшак, часта з далучанымі да іх абручыкамі для прывесак. Хутчэй як выключэньне тут сустракаюцца бляшкі з усходнім сэрцападобным рысункам, з якімі злучаны гладкія овальныя пражкі, а таксама рэдкія зьвярыныя мотывы і ў бляшках і ў прывесках[2]. Гнёздаўскія паясы пры аналёгічнай агульнай форме крыху рознастайней і багацей характарам сваіх аздоб. Тут сустракаюцца просталінейныя і крыху вытнутыя чатырохкутныя пражкі позьнярымскага тыпу, квадратовыя з пашырэньнямі па рагох, якія набліжаюцца да гоцкіх форм, і нарэшце надзвычайна цікаўныя овальныя, орнамэнтаваныя рубчыкамі пражкі з дадаткамі ў характары птушачых вачэй і дзюбак — усходняга, часткова каўкаскага тыпу, магчыма, таксама зьвязаныя з крыніцамі гоцкіх дэкорацыйных форм[3]. Ня меней рознастайны і гнёздаўскія паясныя бляшкі: тут мы знаходзім і паўночныя, скандынаўскія ўзоры пляцёнага орнамэнту, і болей старадаўнія тыпы рысункаў з фігурамі жывёл і драконаў, якія паказваюць хутчэй на ўсходняе пахаджэньне; далей — бясспрэчна ўсходнія тыпы орнамэнтыкі, часткова з расьліннымі мотывамі і надзвычайна частым сэрцападобным рысункам, нарэшце — вельмі цікаўныя сярэбраныя бляшкі, орнамэнтаваныя аздобамі з чэрні таксама ўсходніх геомэтрычных рысункаў. Да ўсіх гэтых тыпаў блізка падыходзяць ужо не паясныя, а паасобныя гнёздаўскія бляшкі, прывескі і мэдальёны, дзе мы знаходзім тую-ж рознастайнасьць стылістычных адценьняў з агульнаю перавагай усходніх дэкорацыйных мотываў, якія найболей яскрава выяўляюцца ў вялікіх, напэўна прывозных падвесках паўмесячнае формы і бясспрэчнага арабскага характару[4], і ў той самы час маюць сталы ўплыў і на ўласную орнамэнтыку ў вырабах мясцовае гнёздаўскае індустрыі. Усе гэтыя прадметы, як бачым, падобна большасьці іншых аздоб, выяўляюць тыя-ж падвойныя адносіны да заходніх і ўсходніх узораў, якія наогул зьяўляюцца характэрнымі для старажытнасьцяй Беларусі і лёгка знаходзяць сабе тлумачэньне ў географічным становішчы гэтае краіны як пэўнага вузлавога пункту ў сыстэме тагочасных гандлёвых шляхоў.

  1. Материалы по археологии России. № 28. Табл. II, 10–26; III, 1–51; V, 1–11; XI, 3–21; XII, 1. XIII, 7–9.
  2. Материалы по археологии России. № 14. Табл. XIII, 2, 4, 12.
  3. Материалы по археологии России. № 28. Стар. 40.
  4. Эрмітаж, аддзел XIV, Шафа I, табл. 2–3. Малюнкі ў “Русских древностях”, V, №№ 54, 56–58.