Перайсці да зместу

Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

сьвяткавалася, нават, пяцісотлецьце яе існаваньня; папершае, гэтая дата — 1407 год — падана ў докумэнце зусім беспадстаўна і без вызначэньня крыніц, адкуль яна вядома, а ў палове XVII сталецьця ўжо магло стварыцца легендарнае паданьне адносна пабудовы царквы, запраўдны час якой быў забыты; падругое, — што найболей важна, — самыя формы гэтага будынку, асабліва складаная сыстэма скляпепьняў, ніяк не даюць магчымасьці адносіць яго пабудову да пачатку XV сталецьця, і бязумоўна сьведчаць, што ён мог быць збудаваны не раней як у пачатку XVI сталецьця. Апроч таго, захаваны ў царкоўным архіве фундушовы запіс ад 1542 году выразна вызначае, што ў гэты час царква ўжо існавала. Такім чынам, больш-менш дакладна можна яе датаваць першай паловай XVI сталецьця, пры гэтым, аднак, крыху пазьней за Сынкавіцкую царкву, аб чым сьведчаць некаторыя стылістычныя асаблівасьці Мала-Мажэйкаўскага будынку.

Да нашага часу Мала-Мажэйкаўская царква захавалася ня зусім у першапачатковым выглядзе і ў некаторых частках сваіх зьменена пазьнейшымі перабудоўкамі, якія адбыліся ў 1817 і асабліва ў 1871–72 г. г. Перабудоўкі гэтыя найболей закранулі надворныя фасады будынку, якія шмат у чым пазбаўлены цяпер ранейшае свае характэрнасьці, і найменей выявіліся ў агульным пляне, дзе цалкам захавана ўся пачатковая структура. Але якраз, выходзячы з пляну, і можна лепей за ўсё вызначыць беспасрэдную сувязь Мала-Мажэйкаўскае царквы з царквой у Сынкавічах, і ўбачыць у некаторых дэталях далейшы шлях разьвіцьця аналёгічнага архітэктурнага тыпу. У агульных рысах пляны гэтых абодвых будынкаў, а адпаведна таму і ўсё надворнае іх аблічча, блізка падобны паміж сабою. Аднак, у асобных частках тут наглядаецца і вядомая розьніца. Перш за ўсё, гэта датычыць разьмяшчэньня веж у стасунку да галоўнага корпусу будынку: у Сынкавічах мы бачылі далучэньне веж самастойнага пляну да рагоў асноўнага чатырохкутніку як амаль што незалежных адзінак, беспасрэдна з гэтым чатырохкутнікам ня зьлітых і як-бы ад яго адасобненых; у Мала-Мажэйкаве, наадварот, мы знаходзім ужо досыць шчыльную і органічную сувязь веж і асноўнага корпусу; калі ў Сынкавіцкай царкве вежы былі яшчэ толькі дадаткам да разьбітага ў бізантыцкай схэме пляну, — дык тут яны ўжо цалком уваходзяць у гэты плян і ператвараюць яго ў новую схэму. Вежы Мала-Мажэйкаўскае царквы ўжо ня маюць поўных акружын у плянах, але нібыта ўцягнуты ў рагі будынку, муры якога беспасрэдна пераходзяць у іх акруглыя корпусы і як-бы складаюць з імі адну суцэльную архітэктурную масу. У параўнаньні да Сынкавіцкае царквы гэтым спосабам дасягаецца яшчэ болей компактнае і закончанае адзінства пляну, і гэта нават магло-б мець вынікам значна ўзмоцненую монумэнтальнасьць усяго будынку цалком, пры