Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

відазьменены. Уся композыцыя неяк пановаму выяўляе свае складальныя элемэнты, прыводзячы іх між сабой у поўную гармонічную роўнавагу. Часткова тут яшчэ болей, ніж у памянёных вышэй будынках адчуваецца, магчыма, залежнасьць ад тыпаў цывільнае і ваеннае готыкі, аж да зьяўленьня бойніц, адносна якіх невядома, праўда, ці ў даным выпадку яны запраўды мелі абароннае прызначэньне. Разам з тым і грунтоўна ўжо зьменены ўвесь агульны стыль, асабліва што да дэкорацыйных аздоб. Важна пры гэтым тое, што фактычна хіба толькі мала істотнае вакно з востралукам можа лічыцца тут за дэталь, узятую беспасрэдна з заходня-эўропейскае готыкі, а ў іншых мастках ужо нават цяжка пазнаць іх асноўныя чужаземныя першаўзоры. Сярод простакутных абрысаў агульнае архітэктурнае масы пануюць лёгкія закругленыя дэкорацыйныя лініі, і ўся композыцыя здаецца нібыта нейкай зусім нанова знойдзенай формай архітэктурнага выяўленьня. У гэтым ужо зусім выразна намячаюцца рысы ўласнае эволюцыі готыкі на тэрыторыі Беларусі, дзе процэс утварэньня сваеадменнага тыпу готыцкага будынку яшчэ цалком не аформлены, але дзе ўжо зроблены першы крок у гэтым напрамку. Праўда, з гэтага моманту яшчэ не адразу мы можам казаць аб беларускай готыцы ў поўным абхваце, і быў патрэбны пэўны прамежак часу, пакуль яна здолела выявіцца ў болей закончаных формах, і разам з тым у болей монумэнтальным будаўніцтве.

2.

Група Бэрнардынскіх касьцёлаў у Вільні.

У канцы ХV-га і ў пачатку XVI сталецьця готыцкае будаўніцтва ў Беларусі выяўляе характэрную падвойнасьць у сваіх асноўных прыёмах і формах. Падвойнасьць гэтая пагрунтаваная на паступова ўсё большай выразнасьці новых, мясцовых готыцкіх тыпаў, пры захаваньні яшчэ ў іншых будынках ранейшых, пазбаўленых гэткае самастойнасьці архітэктурных асноў, лепей за ўсё можа быць намі заўважана ў вядомай віленскай групе касьцёлаў Бэрнардынскага кляштару, якая складаецца з двох готыцкіх будынкаў — касьцёлу Ганны і касьцёлу Бэрнарда, або ласьне Бэрнардынскага, — збудаваных прыблізна ў адзін і той самы час, але грунтоўна розных паміж сабой у агульным характары сваіх архітэктурных мас.

Першы з памянёных будынкаў, касьцёл Ганны, зьяўляецца асабліва выразным узорам амаль што цалком беспасрэднае залежнасьці ад нямецкага готыцкага будаўніцтва. Калі нават і можна лічыць памылковым паданьне, нібыта яго збудаваў у 1392 годзе марыенбурскі архітэктар Ян Пурбах (або па іншых даных Юрбах), ―