Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

Terrarum”, надрукаванай у Кёльне ў 1576 годзе[1]. Згодна гэтага пляну, замак быў збудаваны з цэглы (на пляне да яго далучаны надпіс: “Аrх laterісіа — Das Schloss von Ziegel”) і разьмяшчаўся на высокім беразе Нёмну, над стромкім абрывам. З паўднёвага боку занятае замкам месца аддзялялася ад іншае часткі берагу глыбокім ярам, праз які быў перакінуты вялікі драўляны мост, умацаваны на досыць складанай сыстэме забітых у дно яру і ў яго скаты паляй. Праз гэты мост замак злучаўся з асобна разьмешчаным будынкам палацу (“Domus regis – Das Königs Hauss”), які меў выгляд вялікае простакутнае ў пляне будыніны з высокім двохспадным дахам, абкружанай некалькімі болей дробнымі будынкамі.

Самы замак быў абведзены мурам няправільнае формы з шэрагам бойніц з горняга краю і частымі, хоць параўнальна і невялікімі, абапорнымі контрфорсамі. З паўночнага захаду да гэтага муру шчыльна прылягаў разьмешчаны з нутранога боку чатырохкутны ў пляне будынак, перакрыты двохспадным дахам. Другі аналёгічнае формы дах мы бачым з-за краю муру, — відаць ад нейкай нутраной будыніны, — нарэшце трэцім такім самым дахам перакрыта нізкая чатырохкантовая вежа з зубчатым верхам, разьмешчаная над галоўнай брамай. З усходняга боку замку знаходзіліся яшчэ дзьве вежы, значна большых памераў, высокія, круглыя, закончаныя згары зубцамі і конусападобнымі перакрыцьцямі.

У агульных рысах як формы замку, гэтак і разьмешчанага па-за межамі яго палацу, шмат у чым маюць нямецкі характар эпохі сярэднявечча, — хоць цяжка, зразумела, быць пэўным, наколькі рысунак на пляне зьяўляецца дакладным у сваіх дэталях. Адзіным крытэрыем для ацэнкі пляну ў гэтых адносінах зьяўляецца зьмешчаны на ім рысунак больш-менш захаванае да нашага часу Калажанскае царквы (“Templum Russorum Latericium”), які мае ў сабе рысы вядомае схэматычнасьці і нават няправільнасьці. Трэба, аднак, прыняць пад увагу, што ласьне цэнтральная частка места, г. зн. палац і замак, былі, напэўна, прадметам асабліва ўважлівага падыходу з боку аўтараў пляну, так што ня зусім дакладнае выкананьне аднаго з далёкіх ад цэнтру і мала важных ужо ў той час будынкаў, якім была ў часе складаньня пляну Калажанская царква, яшчэ ня сьведчыць аб агульнай недакладнасьці ўсіх зьмешчаных на гэтым пляне рысункаў. Наадварот, параўнаньне гэтых рысункаў да іншых вядомых нам аналёгічных матар’ялаў кажа хутчэй за тое,

  1. Рэпродукцыя гэтага варыянту змешчана ў Б. Орловского: Гродненская старина, Гродна, 1910.