Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАЛАЖАНСКАЯ ЦАРКВА Ў ГОРАДНІ.

юцца выключнай яе прыналежнасьцю, і сустракаюцца, як вядома, таксама і ў шмат якіх іншых будовах ХІІ-ХІV ст. (асабліва ў Ноўгарадзе і Пскове), — аднак нідзе колькасьць іх не дасягае такіх вялізарных памераў, як тут, і абмяжоўваецца, звычайна, толькі зьмяшчэньнем галасьнікоў у скляпеньнях і ў горніх частках муроў. У Калажанскай царкве, наадварот, галоўная маса галасьнікоў знаходзіцца якраз у асяродкавых частках сьцен[1], што дазваляе, між іншым, наагул паставіць на болей ці меней цьвёрды грунт пакуль што яшчэ нявырашанае канчаткова пытаньне аб прызначэньні гэтых прылад.

Як вядома, адносна галасьнікоў існуюць два супярэчныя погляды: адзін з іх лічыць, што зьмяшчэньне гліняных начыньняў у цаглянай кладцы царкоўных сьцен рабілася з мэтамі палепшаньня акустычнага ладу будынку, адкуль і вынікла самая назва — "галасьнікі"; згодна другога, начыньні гэтыя ня мелі ніякіх адносін да акустыкі, і аналёгічна таму, як гэта рабілася ў некаторых старадаўня-рымскіх і ўсходніх (індыйскіх) будынках, — ужываліся выключна з тэхнічнымі мэтамі, як болей лёгкі будаўнічы матар’ял для горніх частак муроў і скляпеньняў[2]. Гэты апошні погляд як-быццам знаходзіў сабе вядомы грунт у прыкладах пскоўскіх і наўгародзкіх будынкаў, дзе галасьнікі зьмяшчаюцца запраўды толькі ў горніх частках. Але ён ня мог вытлумачыць прычыны, чаму ў гэтых выпадках начыньні заўсёды выходзяць у сярэдзіну будынку сваімі раструбамі. Прыклад-жа Калажанскае царквы робіць яго яшчэ болей спрэчным, паколькі зьмяшчэньне начыньняў у дольніх і ў сярэдніх частках муроў з мэтамі іх палягчэньня ня мела-б, зразумела, ніякага сэнсу, а значыцца і прызначэньне самых гэтых прылад у даным выпадку чыста тэхнічным быць не магло. Праўда, у тэй самай Калажанскай царкве ў некаторых мясцох на гары сустракаюцца начыньні або зусім замураваныя, або зьвернутыя сваімі раструбамі ў надворны бок, якія нельга, бясспрэчна, тлумачыць у якасьці акустычных прылад; але гэта паказвае, мабыць, наагул на пэўную магчымасьць падвойнага прыстасаваньня аднальковых начыньняў і для акустычных і для тэхнічных мэт, што ўзгадняе паміж сабой абодва вышэйпрыведзеныя погляды. Першапачаткова, ва ўсходняй і рымскай архітэктуры, начыньні ўжываліся выключна для палягчэньня найменей моцных частак будынку; потым некаторыя з іх маглі быць прыстасаваны як галасьнікі, для палепшаньня рэзонансу ў тых будынках, дзе ў гэтым сустракалася патрэба. Калажанская царква дае прыклад выразнага падзелу начыньняў згодна іх функцый, прычым адны з іх, у асяродкавых частках сьцен, зьяўляюцца толькі галасьнікамі, дру-

  1. Магчыма, зразумела, што першапачаткова падобныя-ж галасьнікі былі і вышэй, г. зн. у скляпеньнях, у цяперашні час зруйнаваных.
  2. Н. В. Покровский. Церковная археология, стар. 157–158.