Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

апсідзе, з прычыны яе частковага зруйнаваньня, вызначыць немагчыма; у паміжапсіднай сьценцы ён канчаецца тупіком. Такая конструкцыя бакавых апсід зьяўляецца цалкам орыгінальнай і апроч Калажанскае царквы нам болей нідзе невядома. Трэба зазначыць, што наагул якія-небудзь драбіны ў альтарных частках будаваліся надзвычайна рэдка; нешта падобнае мы бачым, напрыклад, у бізантыцкай царкве Ірыны 532 г.; але ў гэтым выпадку простакутныя бакавыя апсіды з адцятымі ў кірунку да асяродкавае апсіды касымі кутамі пры дапамозе выступаў і слупоў падзяляюцца на дзьве асобныя часткі, з якіх усходнія зьяўляюцца спэцыяльна прызначанымі для зьмяшчэньня драбін, заходнія-ж граюць ролю афяравальніка і дзяканіка, злучаючыся праходамі з асяродкаваю апсідаю. Такім чынам, аналёгічны прынцып, што і ў Калажанскай царкве, г. зн. зьмяшчэнне драбін у альтарнай частцы будынку, выяўлены тут пры дапамозе зусім іншай конструкцыі.

Горняя частка Калажанскае царквы, як мы ўжо зазначалі, зусім не захавалася. Адсутнасьць скляпеньняў, а таксама старадаўняе цаглянае кладкі ў горніх частках муроў, не дазваляе з дакладнасьцю аднавіць першапачатковую форму яе накрыцьця. Слупы і лапаткі, якія яшчэ існуюць на нутраных і надворных мурох, падымаюцца ня вышэй за асновы скляпеньняў, прычым на гары чатырохкутных частак асяродкавых слупоў можна заўважыць толькі рэшткі дугападобных выгінаў, зьвернутых у напрамку да бакавых муроў. Але можна, ня мыляючыся, прыпусьціць, што паміж слупамі і бакавымі мурамі былі перакінуты паўцыркульныя аркі, на якія абапіраліся карабовыя скляпеньні, а таксама падкумпальны барабан, ці нават барабаны, у выпадку, калі аналёгічна Чарнігаўскаму сабору або солунскай царкве Апосталаў тут была пяцікумпаловая сыстэма. Самае накрыцьцё было, напэўна, па закамарах, прычым асяродкавая кубічная частка, г. зн. асноўны масыў будынку, была крыху падвышана ў параўнаньні да болей нізкіх альтара і прытвору. Вартым увагі ў гэтым сэнсе трэба прызнаць проект рэконструкцыі Калажанскае царквы, зроблены Горнастаевым[1], дзе досыць удала закругленыя закамары разьмешчаны толькі на сярэдніх палёх у той час як іншыя часткі маюць скатныя пакрыцьці, што зьяўляецца блізкім да некаторых каўкаскіх узораў, а з ліку беларускіх помнікаў — да смаленскай Сьвірскай царквы. З другога боку, аднак, па падабенству да вышэйпамянёных намі прыкладаў з Лехны і Піцунды не выключаецца таксама і магчымасьць рэконструкцыі перакрыцьця Калажанскае царквы і па базылікальным тыпе, г. зн. накшталт двохскатных або плоскіх дахаў, — хаця падобнае прыпушчэньне і меней праўдападобна.

З ліку іншых дэталяй асабліва цікаўнай зьяўляецца орнамэнтацыя надворных бакоў царквы ў дольніх частках муроў і лапа-

  1. Памятники древней русской архитектуры, изд. Академией Художеств, вып. VI, аркуш 1.