Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

блізка прылягае да паміжапсідных сьценак, зьяўляючыся як-быццам іх працягам, і служыць для ўтварэньня прахода ў засяродкавай апсіды ў бакавыя; у перакроі слупы гэтыя маюць васьмікантовую форму; трэцяя пара з усходу мае круглуго форму, прыблізна да трох чвэртак агульнае вышыні, а далей пераходзіць у чатырохсьценную, што зьяўляецца асабліва цікаўным (калі гэта толькі ня вынік пазьнейшае пераробкі), паколькі такая конструкцыя слупоў звычайна лічылася за выключную прыналежнасьць пскоўскіх будынкаў, у самы-ж апошні час абвешчана наўгародзкаю формай, прычым пасылаюцца на царкву Прачыстае на Волатавым полі 1352 г.[1], не зазначаючы, аднак, што аналёгічны прыём сустракаецца, магчыма, на Беларусі яшчэ ў XII сталецьці. Другая з усходу пара слупоў не захавалася, але існаваньне яе бясспрэчна на падставе вестак у інвэнтары Кульчынскага, дзе выразна зазначана, што "ў самай сярэдзіне царквы стаяць чатыры круглыя колюмны, цагляныя, пабеленыя вапнаю"[2].Такім чынам, нутраных слупоў тут было агулам ня тры, як звычайна ў цэрквах падобнага тыпу, але чатыры пары. Аднак, надворных лапатак на паўночнай і паўднёвай сьценах было толькі па пяць, а на заходняй — нормальна, г. зн. чатыры, так што на бакавых фасадах быў вытрыманы звычайны чатырохчленны, а на заходнім трохчленны падзел. Атрымалася гэта з прычыны таго, што першыя з усходу лапаткі, якія звычайна зьяўляюцца рагавымі і незалежнымі ад нутраных слупоў, у даным выпадку былі зьмешчаны каля асновы бакавых апсід, і прыходзіліся якраз насупроць першае пары васьмікантовых слупоў, у той час як заходнія лапаткі засталіся самастойнымі.

Пахаджэньне гэтае конструкцыі цяжка высьветліць цалкам бясспрэчна. Нешта падобнае, але ня тое самае, мы сустракаем у Чарнігаўскім саборы, які набліжаецца да Калажанскае царквы чатырма парамі нутраных слупоў. Аднак, з усходняга краю на бакавых фасадах тут захаваны якраз тыя рагавыя лапаткі, адсутнасьць якіх характэрна для Калажанскае царквы. З гэтай прычыны, агульны лік лапатак на бакавых фасадах быў-бы тут роўны шасьці, калі-б толькі заходнія рагавыя лапаткі не засланяліся вежамі. Што-ж датычыць нутранога ладу, — дык у агульных рысах ён блізкі да Калажанскае царквы, што дазваляе, можа, па сыстэме накрыцьця дапушчальна аднесьці апошнюю да пяцікумпаловага, аналёгічнага Чарнігаўскаму сабору, тыпу. Пры гэтым, конструкцыя Чарнігаўскага сабору, а значыцца і Калажанскае царквы, можа быць зьведзена да тыпу малаазійскае кумпальнае базылікі[3]; апроч альтарнае часткі, калажанскі плян, напрыклад, мае некаторыя супольныя рысы з царквою Апосталаў у Солуні, якая належыць да VII сталецьця.

  1. Некрасов: Византийское и русское искусство, стар. 95.
  2. Грязнов, стар. 9.
  3. Некрасов: Византийское и русское искусство, 55.