ма на Скарыну, чухнуў патыліцу і раптам кінуўся наўцекі ў лес.
Скарына спыніўся.
— Бедны мой люду! — сказаў ён, схапіўшыся рукою за грудзі і гледзячы на Данілу, — сам сябе ты губіш, у няволю прадаеш!!.
— Што вы кажаце, Юры Лукіч? — спачуваюча і трывожна запытаўся Даніла.
— Не!!. Каты маскоўскія і польскія!!! не запанаваць вам над нашай краінай!.. не заняволіць вам бядноты нашай, не заняволіць сялянства!!. Так ня будзе!!!
Даніла падхапіў Скарыну пад руку і амаль пацягнуў за сабою к полю.
— Пачакай! — раптам апамятаваўся Скарына, — што-ж ты?.. шапку дай вазьму.
Пры гэтым ён вызваліў сваю руку з-пад пахі Данілы, вярнуўся, падняў шапку з зямлі і шпарка пашоў з лесу.
— Vox populi — vox dei! — прагаварыў ён ужо ідучы па полю.
— Што сіе знамянуець, доктар? — спытаўся Даніла.
— Сіе знамянуець: глас народу — божы глас! — цьвёрда адказаў Скарына, — і на цэлы народ ніякі кат ня мае права і ня сьмее працягваць сваю драпежніцкую руку!!. Але хутчэй хадзем: мо дапаможам яшчэ каму ў горадзе… Так ня будзе!!.
Прыбавілі кроку.
А чырвоныя праменьні сонца, тым часам, старэнна забегалі, заснавалі па полі і залатымі пікамі пачалі брудны чорны дым у лес зганяць…
Замест большай часткі гораду, зьзяла на зямлі страшная і дзікая, як процьма, ванючая рана…
Тысяча пяцьсот трыццаты год для ўсёй Беларусі і, асабліва для гораду Вільні, быў суровым і страшным…