Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

момант Шагал утаропіць у свайго швагра Кантаровіча непрыязны позірк з іскрамі нянавісці. Кантаровіч, заўважваючы гэта, адказвае тым-жа. Адчуваецца між іх нейкая захаваная барацьба, сямейныя нелады, што два сваякі не могуць схаваць нават у прысутнасці чужых.

Левін вельмі зацікаўлены Шагалам.

Пры стале яшчэ пара местачкоўцаў-аматараў карт. Па-за спінамі гульцоў стаяць, як зброеносцы, чарнявыя, чорнавокія хлопчыкі. Усе яны бадай аднаго росту і выгляду; смуглявыя, бы цыганяты. Кожны з хлопчыкаў аблюбаваў аднаго з гульцоў і сочыць за яго ўдачамі і няўдачамі з найвялікшай увагай. Ведае Левін і свецкую адукацыю гэтых хлопчыкаў: бацька вышкаліў іх па-свойму. Калі праязджае каля іх ганка пан, яны выстрайваюцца ў рад, знімаюць шапкі, ды крычаць нібы па камандзе: „дзень добры!“

— Цодык, Борах, Мендаль, Зорах! — заве іх па імені маці — маладая гаспадыня Кантаровіч, і імёны, разам сказаныя, маюць рытм і рыфму, як народная частушка. — Вячэраць і спаць.

Яе загад кароткі і ясны.

— Ай, не хочам! — чуваць у адказ іхні чатырохгалосы хор, таксама коратка і ясна.

— Гадуюцца на ўзвей вецер, — скардзіцца Левіну гаспадыня. — Што з іх будзе як вырастуць? — і таропіць на Левіна вочы-гузічкі.

І Левін не ведае, што з іх будзе, як вырастуць, аднак упэўнена адказвае: