— Не прызнаю такога бога, якому патрэбны ахвяры…
Шоламіха нямее. Вочы яе робяцца двума кавалкамі лёду.
— Навошта яе чапаеш, — звяртаецца бацька да старшага сына крыўдлівым голасам. — Няможна паганіць апошняй надзеі чалавека ў часе бяды.
Злосная Шоламіха адмыкае шафу, кідае на стол булку хлеба, і губы яе дрыжаць.
— Наце вам, лопайце!
Ніхто не бярэцца за хлеб. Ад пагрозлівай цішыні аж у вушах звініць.
Прыносяць навіну.
У маёнтку пана Манілоўскага — казакі. Іх начальства балюе. А казакі самі знайшлі ў панскіх заховах некалькі бочак спірту. За казакамі ідзе вялікая вайсковая сіла.
Ніхто не ведае, хто гэту вестку прынёс, але яна распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека са шпаркасцю дэпешы.
П‘яныя казакі… Гэта куды страшней за варожыя кулі, за знарады, за бомбы…
Нямала наслухалася ваколіца аб казаках.
Рыжы Антось ходзіць па вуліцы са сваёй дачкой-павадыркай і маўчыць. Нават пальцы сляпога сёння „маўчаць“. У шэрых вачах ён тоіць загадку.
Што ўжо рабіць каганецкім, калі інвалід вайны — чалавек бывалы ў вайсковых справах — маўчыць?.. Людзі забываюць і аб посце, і аб ядзе.