няць, званкамі, пабрыкваюць як выпешчаныя стаеннікі, і чаруюць публіку багінепадобнымі і конепадобнымі гнуткімі станамі. Фурман нацягвае лейцы, цмокае губамі і страляе бізуном у паветры. Арфа, скрыпка і піяніна сцелюць перад тройкай музычную снежную дарогу — са скрыпам палазоў, з трэскатам мароза, з ляснымі шолахамі, з гучнымі дымчастымі далямі.
З пярэдніх крэслаў, напоўненых чорнымі фракамі, ружовымі дамскімі плячамі і генеральскімі пагонамі, часта чуваць:
— Чароўна!..
Плаўны танец тройкі, выабражаемы тупат капыт, конскія рухі грудзьмі і сцягнамі, кволыя срэбраныя званкі даводзяць пакупцоў пацалункаў да экстаза:
— Эстэтычна!..
Усё шпарчэй і шпарчэй імчыцца тройка, выгінае шыі па-конску, махае галовамі, бліскае падведзенымі лёгкай фарбай вачыма, кусае выабражаемыя цуглі ды імчыць наперад пад рытмічны лёскат бутафорскага бізуна.
— Бажэствена!..
У захапленні маклеры, купчыкі, ваённыя падрадчыкі, афіцэрства. На сцэну сыплецца дождж жывых кветак і сотні паветраных пацалункаў-авансаў. А пасля пачнецца продаж пацалункаў па прэйс-куранту. Усё гэта для раненых воінаў.
Каб хоць на пару дзён Язэпу на сяўбу жыта Афрадыту, Дыяну і Венеру — на пару дзён…