людзей. Нешта цягнуць, валакуць, клапатліва, як мурашкі. Левін накіроўваецца туды.
— Што вы робіце?
— Бачыш… Арэм…
— Бабы замест каня?
— Адзе дзенешся, калі конь здох. Жыта сеяць трэба? — Трэба! Курыць маеш?
Левін дастае тытун і аглядае групу. Незнаёмы селянін, падобны да закатаванага, замучанага чалавека. Ён босы, у шарачках, у цвёрдай, як бляха, зрэбнай кашулі.
— Дык ужо будзь ласкаў, пане мой, і скруці мне папяроску, бо мае пальцы бачыш якія? У паперу пападзе больш пяску, чым тытуну.
Левін скручвае папяросу і дае селяніну. Той закурвае і са смакам зацягваецца. Левін пытаецца:
— А цётак гэтых, што саху валакуць, дзе набраў?
— Гэтага дабра ў нас хапае. Пасля сяўбы магу іх табе падарыць.
Голас яго злы і непрыемны. У вачах вострыя голачкі. Зусім да закатаванага не падобны і нават злоснага, абуранага чалавека нагадвае. Закурыў, зацягнуўся дымком і зноў зрабіўся лагодным.
— Вось гэта старая — мая жонка, другая — яе сястра, а маладая — дачка. Троечка ніштаватая! Усё ім кепска! Здаецца, гэткія папружкі ў іх! У стаеннікаў пана Манілоўскага куды горшыя.
— Кінь плявузгаць, дурны! — злуецца адна з жанчын.