Старонка:Мікалай Шкялёнак.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гісторыя Беларусі павінна абняць менаваныя галіны народнага жыцьця, каторыя з гледзішча сучаснае мэтодолёгіі і патрэб грамадзянства дастаткова характарызуюць абраз мінуўшага. Азначэньне межаў заінтэрасаваньня гісторыі, пляновая сэгрэгацыя гістарычнага матарыялу — гэта першае заданьне гісторыка. Наступным будзе тлумачэньне гістарычных фактаў. інакш шуканьне між імі прычыновае сувязі. Толькі ў вадносна рэдкіх прыпадках запраўдныя прычыны гістарычных фактаў пераказалі нам тагачасныя наглядчыкі. У бальшыні прыпадкаў гісторык сам павінен шукаць гэтых прычын, каб павязаць факты ніткай прагматызму. Гэта важная мэтодолёгічная квэстыя перажыла вялікую эволюцыю, зь якой неабходна пазнаёміцца, каб на яе фоне ўцяміць дасюлешнія памылкі гістарычнае мэтодолёгіі з гэтага гледзішча і азначыць шлях найбольш правільнага навуковага спосабу шуканьня прычын гістарычных фактаў.

Ад пачатку гісторыі і амаль да палавіны XIX ст. гісторыкі тлумачылі факты, як рэзультат дзеяньня нейкіх надпрыродных сілаў. Гэткім парадкам паўстала некалькі тэорыяў, апёртых на шуканьні прычын гістарычных зьявішчаў не ў самой гісторыі, а навонкі яе. Найстарэйшая зь іх — тэолёгічная, меўшая сваіх прадстаўнікоў нават да апошніх часоў—лічыць, што гістарычнымі зьявішчамі кіруе надпрыродная, боская сіла, якая вядзе ўсё да празначанай Богам мэты. Але гісторык не патрабуе шукаць першае прычыны або апошняе мэты існуючага.

З гэтага мэтафізычнага жарала выплывае і гэгэльянская тэорыя ідэй, каторыя зьдзейсьніваліся ў гісторыі паступова за пасярэдніцтвам, зьмяняўшых адзін другога народаў. Гэтыя ідэі, як-бы жывыя істоты, мелі быць прычынамі гістарычных падзеяў. Тэорыя гэта аджыла свой век, але водгукі яе існуюць яшчэ і сяньня ў форме г. зв. гістарычных місыяў, прыпісваных народам, або асобным адзінкам.

У лучнасьці з тэорыяй ідэй была і тэорыя разумнага характару гісторыі, або тэорыя няўхільных прычын, каторая казала, што ўсялякі рэальны гістарычны факт адначасна ёсьць разумным, г. з. згаджаецца з разумным плянам усяго існуючага. Паводле гэтай тэорыі ўсякі сацыяльны факт мае raison d’etre ў разьвіцьці