Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзячы на тое, што, вочавідна, Менск у той час быў значна меншым за Навагрудак. Цяжка высьветліць непасрэдныя прычыны дараваньня Майдэборскага права м. Менску, як і наогул большей часткі мест Беларусі. Па характару гаспадаркі Менскага павету і ўсёй акругі нельга сказаць, каб дараваньне Майдэборскага права вымагалася экономічнымі патрэбамі, бо гаспадарка і заняткі насельніцтва места Менску мала чым адрозьніваюцца ад вакольных вёсак. З другога боку, мы ня можам сказаць, што разьвіцьцё земляробскай гаспадаркі ў весцы, а таксама і гаспадарскага Менскага двара і бліжэйшай да Менску вакругі пагражала Менскаму насельніцтву цяглымі службамі і прыгонам, як гэта можна заўважыць у іншых беларускіх местах таго часу, напрыклад, у Ваўкавыску, мяшчане якога прывілеем на Майдэборскае права звальняліся ад ״дзякол и от сена подякольного и от пенязей тых, которые за дяклом врадником даивали каждый год“ .. ״Также и з секерою на дело не велели им ходити и сена косити... и до Городна на работу к вапну не ходити“[1]. Такой пагрозы мы не прымячаем для Менску; Менск па велічыні быў меншым за Ваўкавыск, і каля Менску яшчэ не разьвіта так земляробства з зьвязаным з ім прыгонам, як гэта было ў Ваўкавыскім павеце. У канцы XV і пачатку XVI сталецьця, аднак, ужо можна заўважыць у Менску выдзяленьне рамесла і існаваньне цэлага шэрагу рамесьнікаў, як залатары, краўцы, кушнары, кавалі, чабатары і іншыя. Гэтыя рамесьнікі да дараваньня Майдэборскага права былі пад прысудам замкавым і працавалі на замак, вырабляючы ״нароги, серпы и защепки и сокеры и иные речы". З дараваньнем прывілея на Майдэборскае права рамесьнікі папалі пад уладу Менскага магістрата. Аднак, намесьнік гаспадарскі ў Менску князь Багдан Жаслаўскі быў нездаволен такім палажэньнем і скардзіўся князю, грунтуючыся на тым, што двор гаспадарскі застаўся без рамесьнікаў. Гаспадар стаў на бок намесьніка і загадаў Менскаму ўраду выдзяліць 15 рамесьніцкіх дамоў і перадаць іх замкаваму ўраду[2]. Калі прыняць пад увагу такую значную колькасьць дамоў, насялёных рамесьнікамі, якія выдзяляліся на замак, то можна думаць, што лік рамесьнікаў ужо ў пачатку XVI в. быў досыць значным і рамясло было даволі разьвітым у Менску.

Дакуманты XV в. не захавалі нам і барацьбы Менску і яго насельніцтва з намесьнікамі-дзяржаўцамі, хоць яна, напэўна, была, што таксама часта прымушала гаспадарскі ўрад таго часу шукаць выхаду ў звальненьні местаў ад палуладнасьці і прысуду намесьнікаў-дзяржаўцаў шляхам дараваньня ім Майдэборскага права і, на аснове яго, асобнай організацыі места з сваей ўладай, правамі і ўласным судом.

Правы і вольнасьці м. Менску на основе прывілея на Майдэборскае права.

Прывілей, які быў дан Менску ўрадам вялікага князя Аляксандра, трафарэтным спосабам, які ўжываецца ў значным ліку прывілеяў таго часу, абасноўвае дараваньне Майдэборскага права месту Менскаму.

Па думцы ўраду таго часу, якая выяўлена ў прывілею, дараваньне Майдэборскага права, і асабліва добрага і справядлівага ўраду, дапамагае разьвіцьцю места, яго павялічэньню і росту. ״Маючы взгляд посполитою доброго размноженьня и хотечы положенье места нашого Меньского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы, там мешкаючы

  1. А. 3. Р. т. II. № 13.
  2. Собрание древних грамот и актов гор. Минск, губ. № 67.