Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Заблішчалі агністыя зоры
І спляліся ў прыгожы вянок.
Нешта сад мне шуміць і гаворыць.
Ветравыя чутны пераборы.
Пах вячэрні п‘яніць, як віно.
Заблішчалі агністыя зоры.

Углядаюцца ў цем мае вочы,
Распазнаць хочуць даль-далячынь.
У грудзёх маіх сэрца рагоча.
Нейкі шлях разаслаўся прароча.
Недзе бразгаюць шчасьця ключы.
Углядаюцца ў цем мае вочы.

Сон ня морыць. І лёгка, так лёгка
Ўсёй істоце маёй і душы,
Што аж песьня пранеслася звонка
У прастор паднябесна-высокі,
Каб прарэзаць пялёнку цішы.
Сон ня морыць. І лёгка мне, лёгка…