Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ІДЫЛІЯ

Блішчаць узоры сьнегавыя
На дрэвах, на кустох, на плоце.
За плотам вецер моцна вые —
Ці ў радасьці, ці у самоце?

У садзе быльнік тарчыць з сьнегу,
Хістаецца, нібыта п‘яны.
Ён марыць, мусіць, пра адлегу,
Гілямі ўзіму абшмульганы.

На ім іх шмат чырвонагрудых,
Што длубаюць і сьвішчуць звонка
Ды чыняць суды-перасуды
Ад раніцы да позных змрокаў.

А там шчыглы з чыжамі б‘юцца
За каліва здабытай ежы,
Ды хмарамі над садам уюцца
Крышталі-клоччы беласьнежжа.

9-III — 1927 г.