Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗАЦЬВІЛОСЯ

Зацьвілося ў нябесных прасторах
Залацістае сонца вясны.
Эх, зьвіняць маіх струн пераборы
Нясупынна і ўсё аб адным.

Паўтараецца даўняга росквіт
І пяе, як даўней, салавей.
Распускаюцца ў сэрцы пялёсткі,
Кроў плюскоча у ім агнявей.

Сёньня хочацца выйсьці мне ў поле,
Сёньня хочацца выйсьці мне ў гай.
Мо‘ ня вернецца болей ніколі
Учарашняга злая туга.

Буду радасьць хапаць я ў абоймы,
Сам аддамся ў абойме красе.
І ніхто маіх мар не пяройме —
Яны будуць са мною усе.

Яны ў смутку мяне пакідалі,
Аддавалі пачуцьці другім.
А цяпер мяне радуюць далі,
Стала блізкім мне ўсё, дарагім.