Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НОЧ У ГОРАХ.

Ноч-чароўніца спусьцілася ціха,
На горныя высі раскінула шаты.
Вось чутны яе прымірэнчыя ўздыхі.
А месяц, адзеўшыся ў срэбныя латы,

Прастор аксамітны чаруе, варожыць.
Ўсе горныя высі — як міт або казка.
Ўсё стройна сплялося ў малюнак прыгожы,
Ўсё песьціць і вабіць нязнанаю ласкай.

Нядарам у цішы вось гэтае ночы,
Што горы адзела адзеньнем срабрыстым,
Ня хочацца думаць самкнуць свае вочы,
Ня хочацца траціць уздым урачысты.

У сэрцы кроў моцна плюскоча, бруіцца.
Іду я між гораў знаёмай пуцінай,
Іду, ня журуся, хоць сам — чужаніца.
Мяне не палохае клёкат арліны,

Які незнаёмы, як буславы клёкат
У нашай ці ночнай, ці ранішняй цішы.
Хачу я забрацца на горы высока,
І лезу ўсё вышай, і вышай, і вышай.

1925 г.