Перайсці да зместу

Старонка:Мая ліра (1924).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ДУША МАЯ.

 Душа мая ў краі фантазыі гуляе,
 У гвезднай імгле па аблоках плывае,
 Сто сонц аглядае у сьветлай празрочы,
 Раскошнаю ласкай чаруе мне вочы.

Матыль пышнакрылы купаецца ў зорах
З праменьняў сатканых, купаецца ў морах
З вадою цудоўнай. У неба ўзлетае
Арлом сьветавідам — і ў пекла спадае.

 І добра мне ў цуднай фантазыі ўлудзе,
 Сам дух мой спакойны шчасьця вынаходам:
 Не гадае ці ў гэтым узорным шмат цудзе
 Не прагляне іронія ціхім мімаходам.

Пульс жывога ўсесьвету, творчы шопат чую,
Падзіўляю разсновы формы незгаданы,
Над завесістай скалай у горах начую
Белых зданьняў ігрою гіпнотызаваны.

 Сьвет чароўны цудоўны мяне ўзяў ў абоймы
 Напаіўшы адвечнай журбай ідэалу,
 Твораў дзіўных усюды віджу цэлы плоймы
 І чую над сабою ўсебыту навалу.