Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна, што дзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.
Збожжа пажатае з ніваў пазвожана,
Голыя гоні самотна ляжаць;
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.
Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі,
Кусьце бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыйдуць заві з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“.
Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечна зялёны свой кажуць убор;
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.
Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог;
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скацінку, на людзі налёг.
|