Габруся ў жаўнерку ўзялі,
Ад дамоўства адарвалі.
Ой, Габруська, Габруська!
Зажурыўся стары татка,
Стогне цяжка, плача матка.
Ой, Габруська, Габруська!
Залілася сьлязьмі люба:
Не запомні, мой галубе,
Мой Габруська, Габруська!
Муштравалі ў войску строга,
Не давалі думаць многа.
Ой, Габруська, Габруська!
Дзяцюкова сэрца б‘ецца, —
Бацьку ўспомніць, скаланецца.
Ой, Габруська, Габруська!
Дзяцюковы думкі ўюцца, —
Матку ўспомніць, сьлёзы льлюцца.
Ой, Габруська, Габруська!
А дамовы вецер вее, —
Любу ўспомніць, абамлее.
Ой, Габруська, Габруська!
Захварэў Габрусь на службе, —
Ліст пісаці кажа дружбе.
Ой, Габруська, Габруська!
|