Панна Эмілья, тым часам, сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяучыні, —
Бытцам яна ні у дварэ ахмістрыня,
Бытцам яна ні жывець у ахвіцыні,
Бытцам яна німа ведама хто,
Хочацца сэрцу ніведама што.
Успомніць мамульку, татульку, свой дом,
Успомніць сябе нівялічкую у ем,
Старшаго брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Дауных равесьніц… кароуку Рабульку…
Дзе яно усе? І ні вернеш тых дзен,
Зьнікло, як дым, расплылося, як сон!…
Страшна і успомніць далекі той год,
(Чорным яго называе народ) —
Пошэсьць с касою па сьвеці хадзіла;
Панну Эмілью сіроткай зрабіла.
Родных, сямейку зямлею пакрыла
Доля, нійначай, — у яе усе руццэ:
Узялі паны гадаваць пры дачцэ.
Устане, паходзіць і сядзе ізноу,
Бьець у галоуку гарачая кроу;
Нейкія у сэрцы парваліся тамы,
Твар то збляднее, то зробіцца у плямы…
Стане прад Маткай Сьвятой з Вострай Брамы
Просіць: „Прачыстая, згінуць ні дай.
Горо адкінь, ад бяды захавай!“.
Ручкі заломіць і сьлезы цякуць…
Новыя думкі ізноу набягуць,
Жыцце у людзях сабе выкладае.
Цяжкае жыцце! Хаця спагадае
Маткі заступніца, — пані старая,
Пан, як бы родны, — нівесяла жыць!
Час у жалобі, у маркоц бяжыць.