Перайсці да зместу

Старонка:Маладняк — Янку Купалу (1925).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МОЛАДЗІ

На цябе, наша моладзь, надзея
Нашай сумнай забранай зямлі;
Твой арліны палёт цьмы разьвее
І запаліць веквечны агні.

Ты разбудзішь прыспаныя сілы
І на вольны паклічаш прастор
З забыцьця беспрасьветнай магілы
Да бліскучага сонца, да зор.

Ты на бацькаўскім, моладзь, кургане
Узьнясеш нездабыты пасад,
Што расточыць сваё панаваньне
На ўвесь сьвет, дзе сягне твой пагляд.

Табе будуць ня страшны заломы,
Злыя ворагі, іх варажба:
Долю, праўду з маланак і громаў
Твае выкрасяць гарт, барацьба.

Схамянайся-ж ты, моладзь арліна!
Ў бок другі віхры веець прымусь,
Бяры сьветач, ідзі за судзьбінай,
Ідзі з словам своім: Беларусь!

23/I—14 г.