Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Окліч.

Проч сьпяўцы нябыцьця злога!
Ці ня збрыдла вам стагнаці?
Не губіць нам трэба жыцьце,
Час нам шчасьце будаваці.
Жыва кіньце енкі, стогны,
Борзда ў поле на работу:
Нам парупіцца патрэбна:
Не жалейце працы, поту!
Карчаваць, араць ўсе ляды,
Раўнаваць і чысціць поле;
Выступайма цэлым войскам:
Уперадзі нам сьвеціць доля.
Не баімся мы прашкодаў:
Грамада ні палахліва.
Згодна, брацьця, ўсе за працу,
Каб к вясьне тут наша ніва
Ад сахі, матыгі вострай
Найляпей закрасавала,
А пасьля ўжо год ад году
Ураджаю больш давала.
Годзі-ж, годзі вам стагнаці, —
Людзі — брацьця, варта жыці:
У сьвеці ёсьць за што змагацца,
У сьвеці ёсьць што палюбіці!