Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 1.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I.

У Пушчы.


Восень. Ноч. Лес. Глуха шумяць, калыханые ветрам, елкі і сосны; скрыпяць асіны і бярозы; с шэлестам валіцца на зямлю трупя-жоутае лісьце. Паміж трох адвечных дубоу — мохам і гальлём усланы узгорак-курган; над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоу, тры вісяць русалкі і калышуцца. З усей мясьціны вее бязлюдзьдзем, чарам і жудою.

Русалкі, (разам).

Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Ад сучка да сучка,
Ад куста да куста!

Ха-ха-ха! Вось яно,
Вось русалак жыцьцё;

Пушча — сосны, дубы, —

Вось і царство усё.

Жывём самі сабой,
Самі ўмеем мы жыць, —
Ніхто есьць не дае,
Не дае ніхто піць.

Днём ляжым, днём маўчым,
Як ня жывы мы днём,
А як ночка прышла —
Мы жывём, мы пяём.