Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

годнасьці "достоінствы"; гэтая-ж самая арыстократыя складала і раду вялікага князя, з якою ён раіўся ў бягучых справах і адпраўляў вышэйшы суд у дзяржаве; гэтая-ж самая арыстократыя зьбіралася звычайна на соймы дзеля абгавораў найбольш важных пытаньняў. Толькі з трыццатых гадоў ХѴ сталецьця, калі аслаб царкоўны антогонізм паміж каталікамі і праваслаўнымі, і калі правы і вольнасьці паноў і баяр Літоўскае зямлі пашырыліся на князёў, паноў і баяр беларускіх і украінскіх зямель вялікага княства, беларуская і украінская арыстократыя пачала трапляць спорадычна ў кіраўнічыя літоўскія сфэры, у гаспадарскую раду і на першарадныя пасады, а ў канцы ХѴ сталецьця — пачала прымаць удзел і ў соймах вялікага княства. Напружнае змаганьне з Масквой, якая пачала прэтэндаваць на беларускія землі вялікага княства Літоўскага, прымусіла ўрад вялікага князя прыцягваць да ўдзелу ў кіраўніцтве і ў вырашэньні агульна-дзяржаўных пытаньняў і арыстакратыю беларускіх і украінскіх зямель. Гэтае ж самае напружнае змаганьне, якое ўскладнялася дзякуючы барацьбе з крымскімі татарамі, а часамі і з Турэччынай, і якое вымагала вялізных ахвяр з боку ўсіх вайскоўцаў зямляўласьнікаў, - ня толькі буйных князёў і паноў, але і дробных баяр, - прымусіла, урэшце, літоўскі ўрад прыцягваць да соймавых нарад і пастаноў і звычайны ваеннаслужылы люд — баяр усіх зямель вялікага княства, якія ўладалі маёнткамі "пад гаспадаром". З пачатку ХVІ сталецьця пачаліся вальныя соймы, якія звычайна вырашалі пытаньні аб службе ў войску і аб памерах вайсковых падаткаў з "земскіх" маёнткаў. Неўзабаве на гэтых вальных соймах пачалі ўзьнімаць ды вырашаць і іншыя важныя пытаньні што да ўнутранага кіраваньня ці дзяржаўнага будаўніцтва.

На пачатак ХѴІ сталецьця Літоўска-Беларуская дзяржава сформавалася канчальна. У часе змаганьня з Масквой вялікае княства страціла землі: Чарнігава-Северскую, паўночныя часткі Полацкае і Віцебскае зямель і зямлю Смаленскую. З прычыны націску з боку крымскіх татар яно прымушана было адыйсьці ад ўзьбярэжжа Чорнага мора і даўнейшых меж украінскае аселасьці на вышнявіны паўднёвага Бугу, да Цясьміна і Ворсклы. Але рэшта тэрыторыі консолідавалася, зьлілася ў адно політычнае цэлае, у вадну дзяржаву. Фэдэралістычны характар гэтае дзяржавы ўжо больш не пагражаў ёй распадам; політыка цэнтральнага ўраду замірыла паасобныя краіны дзяржавы, пашырыўшы на зямляўласьнікаў гэтых зямель большую частку сваіх праў і вольнасьцяй і далучыўшы іх да агульнага політычнага жыцьця дзяржавы. За дзьвесьце пяцьдзесят год, якія мінулі ад пачатку існаваньня гэтае дзяржавы, яна стала яшчэ больш беларускай, чымся раней. Літоўская арыстократыя, што стаяла на чале кіраўніцтва, баярства і гарадзкое жыхарства Літоўскае зямлі, а таксама і значная частка земляробаў у Верхняй Літве зьбеларусізаваліся. Толькі ў Ніжняй Літве (Жамойць) ды ў заходніх валасьцёх Верхняе Літвы і далей трымалася літоўская мова. Але грамадзкі лад, унутранае жыцьцё і тут былі пад моцным уплывам беларускіх парадкаў і беларускае культуры. З канца XIV сталецьця з беларускім уплывам звычайна спаборнічаў польскі ўплыў. Дзякуючы гістарычным абставінам Літва прымушана была ўтварыць політычны саюз з Польшчай і блізка стаць да яе ва унутраным укладзе сваіх грамадзкіх і політычных адносін, а часткай і ў духоўных. Перад новастворанай у ХІІI і XIV сталецьцях Літоўска-Беларуская дзяржавай паўсталі тры галоўныя заданьні — адбівацца ад немцаў Прускага і Лівонскага ордэнаў, якія нішчылі Літву, маючы на мэце перамагчы яе і абярнуць у хрысьціянства, ад татар, якія націскалі з поўдню і з паўднёва-ўсходняга боку, і ад Масквы, якая ўзмац-