Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

га (Тэўтонскага) і Лівонскага ордэнаў. Новы націск прымусіў мясцовыя літоўскія грамады аб'яднацца каля аднаго політычнага асяродку, падпарадкавацца ўладзе аднаго старэйшага вялікага князя. Такім вялікім князем быў у палове ХІІІ сталецьця Мендаўг. Ён перамог усіх непакорных князёў, нават бліжэйшых крэўных, і зрабіўся, як кажа валынскі летапісец, самаўладным князем Літоўскае зямлі. Хаця-ж ён і стаў ахвярай змовы князёў, якія не сьцярпелі самаўладзтва Мендаўга, але справа яго не загінула. Створаная цэнтральная дзяржаўная ўлада была настолькі патрэбна народу, што вялікае княства Літоўскае не развалілася і пасьля сьмерці Мендаўга (1263), ня гледзячы на праміжсобныя спрэчкі, якія цягнуліся даўгі час; літоўскія князі змагаліся ўжо не за мясцовую самастойнасьць, а за ўладу вялікага князя. У канцы ХІІІ сталецьця гэтая барацьба скончылася перамогай Лютувэра, пасьля якога вялікімі князямі былі паступова яго сыны: Вітэнь (1293-1316) і Гэдымін (1316-1341). Гедымін і стаў родапачатнікам Літоўскае дынастыі вялікіх князёў, якая і кіравала вялікім княствам Літоўскім, пакуль яно існавала незалежна, у васобе князёў: Альгерда (1341-1377). Ягайлы (1377-1392), Вітаўта (1392-1430), Сьвідрыгайлы, сына Альгерда, і Жыгімонта, сына Кейстута (1430—1440), Казімера, сына Ягайлы (1440-1492), Аляксандра (1492—1506), Жыгімонта Старога (1506-1548) і Жыгімонта Аўгуста (1548-1572). Рэшта літоўскіх князёў, крэўныя вялікага князя, князі іншых родаў (Гедройцы, Сьвірскія, Гальшанскія) зьнізіліся да становішча падручных, васальных князёў; розныя мясцовыя правадыры і старэйшыны з ліку буйных зямляўласьнікаў зрабіліся паслужнікамі князя, яго бліжэйшымі памочнікамі і супрацоўнікамі ў справе кіраваньня вялікім княствам; у такой ролі яны заставаліся да канца незалежнага існаваньня вялікага княства і нават далей.

Новай Літоўскай дзяржаве давялося аб'яднаць усе беларускія і украінскія землі і княствы.

Перш-наперш, вялікае княства Літоўскае далучыла да сябе княствы былае Полацкае зямлі - Полацкае, Віцебскае, Менскае, Друцкае і інш. Географічная сумежнасьць Полацкае зямлі і Літвы была прычынай іх даўнейшага знаёмства і зносін паміж сабой. На працягу ХI і першае паловы XII сталецьця князі Полацкае зямлі досыць часта наведваліся ў Літву, шукаючы здабычы і палонных. Усьлед за князямі, а можа незалежна ад іх, цягнулася ў Літву, па ўсіх адзнаках, і мірнае жыхарства-земляробы і прамыслоўцы, якіх вабілі натуральныя багацьці літоўскіх пушчаў, дзе можна было схавацца ад хатніх нязгод і нападаў суседзяў. У літоўскай зямлі, паводле ўсіх вестак, асяліўся значны лік людзей з сумежных беларускіх зямель, якія жылі ў згодзе з літоўскім насельніцтвам. Так званая, "Чорная Русь" з гарадамі Навагрудкам, Ваўкавыскам і Слонімам была, як відаць, колёніяй крывічоў і драгавічоў у Літоўскай зямлі. З паловы XII сталецьця - наадварот: ужо літоўцы сталі часьцей наведвацца ў Полацкую зямлю, праходзілі праз яе і нападалі на Ноўгародзкія, Смаленскія і нават на Чарнігаўскія землі. Часта заклікалі іх самі князі, карыстаючы з паслуг літоўцаў у часе праміжсобных спрэчак. Але літоўцы бывалі ў Полацкай зямлі і непажаданымі гасьцьмі. У гэты час яны пачалі ўжо злучацца ў вялікія саюзы — разласаваліся на здабычу і сталі жыць з вайны. Полацкая зямля, якая штогод запруджвалася літоўцамі, усё больш і больш адрывалася ад рэшты славянскіх краін і ўсё шчыльней злучалася з Літвой. Татарскі пагром, які адбыўся на абшарах міжрэчча Акі і Волгі, а таксама на Украіне, і татарская улада, якая там запанавала, канчаткова аддалі Полацкую зямлю на яе ўласныя сілы і прымусілі яе насельніцтва імкнуцца да літоўскіх зямель.