Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

далучалі гарэтыкаў і схізматыкаў гэтых краін да адзінства царквы". Урад пачаў ужываць некаторы ўціск; гэтак напрыклад, у 1481 годзе, быў выдадзены загад, які забараняў праваслаўным будаваць цэрквы аднаўляць даўнейшыя і рамантаваць старыя, але ўсе гэтыя мерапрыемствы ня толькі не дасяглі свае мэты, але нават выклікалі бязладзьдзе і абурэньне ў вялікім княстве. Ужо ў 1481 годзе князі — Міхал Алелькаў Слуцкі, Хведар Іванаў Бельскі і адзін з князёў Гальшанскіх зрабілі змову з мэтай загубіць караля Казімера, а калі гэтага зрабіць не здалеюць, дык "адсесьці" ад вялікага княства з усімі землямі, што на берагох ракі Бярозы, і злучыцца з Масквой. Некалькі пазьней пачалі адсядаць ад Літвы і злучацца з Масквой "верхаўскія" князі. Націск каталіцызму быў прычынай таго, што і вялікі князь Маскоўскі пачаў барацьбу з Літвой за беларускія землі і анэксаваў іх. Літоўскі ўрад прымушаны быў адмовіцца ад усялякіх рашучых мерапрыемстваў дзеля пашырэньня вунії; ён абмежаваўся толькі тым, што прызначаў на мітрапаліцкую катадру асоб, якія не вызначаліся царкоўнай нязносьлівасьцю, як, напрыклад, Язэп Солтан. Агулам кажучы, калі царкоўная вунія формальна і ня была, дык усё-ж-ткі ў значнай меры паслаб царкоўна-нацыянальны антагонізм паміж каталіцкай Літвой і праваслаўным жыхарствам. Шмат дапамагала гэтаму і зраўненьне літоўцаў і беларусаў у правох і вольнасьцях, якое адбылося ў зьвязку з пробамі ўвесьці царкоўную вунію.

Польскія ўплывы на быт літоўска-беларускага грамадзянства выявіліся і ў пашырэньні польскае мовы і польскае пісьменнасьці сярод вышэйшых кляс. Літоўскія вяльможы, якія разам з вялікім князем езьдзілі ў Польшчу або на соймы з палякамі, вучылі польскую мову, знаёміліся з польскімі модамі ў вопратках і ў хатнім абсталяваньні, знаёміліся з польскімі густамі ў кніжнай справе. Частая лучнасьць з палякамі адбівалася і на офіцыяльнай мове вялікага княства - беларускай, у якой усё больш і больш можна было сустрэць полёнізмаў. Таксама як і у Польшчы, пачала офіцыяльна ўжывацца і сярэднявечная лаціна, на якой пачалі пісаць агульна-земскія прывілеі вялікага княства і некаторыя з краёвых (прывілеі Жамойцкае зямлі). Польшча ўцягнула Літву і ў больш жывыя, чымся раней, зносіны з Заходняй Эўропай. Літоўскія паслы, разам з польскімі, пачалі езьдзіць на розныя дыпламатычныя зьезды. Пачалі пасылаць літоўска-беларускую моладзь вучыцца ў заходня-эўропейскія унівэрсытэты для навукі (у Праскім Унівэрсытэце ўтварылася цэлая корпорацыя гэтае моладзі.) Моладзь з багатых родаў пачала вучыцца нават і ў італьлянскіх унівэрсытэтах, якія былі вядомы сваёй юрыспрудэнцыяй. Там вучыўся, паміж іншымі, пан Альбрэхт Гаштольд, які стаяў на чале камісіі, што склала першы літоўскі статут. У Італіі вучыўся вядомы пісар вялікага княства Літоўскага Іван Сапега, той самы "Івашка Пісар", які нудзіў вялікую княгіню Алёну да рымскага закону і які, паводле некаторых вестак, быў пачынальнікам літоўска-беларускага летапісаньня. Політычная блізкасьць вялікага княства Літоўскага да Польшчы зьявілася прычынай і таго факту, што духоўнае жыцьцё літоўска-беларускага грамадзянства было праз гэта пад больш ранейшым, а разам з тым і больш моцным уплывам заходня-эўропейскае думкі і асьветы, чымся гэта здарылася на славянскім усходзе. У Літву і Беларусь на працягу ХѴ і ХѴІ сталецьцяў ішлі і гуманістычныя і рэформацкія плыні. У бібліотэках літоўска-беларускіх шляхціцаў сустракаюцца ў гэты час творы Цэвара, Цыцэрона, Гомэра, працы з філёзофіі, мэдыцыны і прыродазнаўства. Таксама, як у Заходняй Эўропе, і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве выяўляецца імкненьне да сьвядомага вывучаньня