Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вунія з Польшчай прынесла вялікаму княству і формальныя абмежаваньні ўлады вялікага князя на карысьць зямляўласьніцкае клясы, замацаваўшы праўна тое соцыяльна-політычнае палажэньне, якое на пачатак ХѴ сталецьця мелі князі і баяры Літоўска-Беларускае дзяржавы. Каб схіліць гэтых князёў і баяр у бок вуніі, Польская карона і вялікі князь Літоўскі выдавалі ім граматы, або прывілеі на аднолькавыя з польскай шляхтай правы і вольнасьці. Ужо ў 1387 годзе была выдадзена ўсім літоўскім баярам, што прынялі каталіцкую веру, грамата, якая забясьпечвала ім права неадоймнага ўладаньня і вольнага ўжываньня сваімі вотчынамі грамата дазваляла выдаваць дачок замуж, а ўдовам - у другі раз выходзіць замуж за каго яны захочуць. Паводле граматы 1387 году баяры звальняліся ад усялякіх павіннасьцяй і працы, апроч вайсковае службы; грамата дазваляла ім будаваць замкі і дарогі. Гарадэльскі прывілей, апроч гэтых маёмасных і асабовых праў, прызнаў за тымі літоўскімі прэлятамі і баярамі, якія прынялі каталіцкую веру, права прымаць удзел у вабраньні будучых каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх, а таксама прымаць удзел у нарадах і дзяржаўных справах; прывілей прызнаў за імі ўсе тыя правы і вольнасьці, якімі карысталіся прэляты, паны і шляхта каралеўства Польскага, паміж іншым, — права мець гэрбы. Усе гэтыя прывілеі, якія сталі ў пэўным сэнсе асноўнымі законамі Літоўска-Беларускае даяржавы, паставілі ўладу вялікага князя ў акрэсьленыя межы, выключыўшы магчымасьць разьвіцьця яе ў кірунку абсолютызму. I гэта тым больш справядліва, бо памянёныя прывілеі хутка атрымалі далейшае развіцьцё і былі пашыраны на беларускіх князёў і баяр вялікага княства.

Беларускіх князёў і баяр вялікага княства зраўнялі ў правох і вольнасьцях з літоўскімі ў канцы сараковых гадоў XѴ сталецьця. У пачатку трыццатых і сараковых гадоў ХV сталецьця беларускія і украінскія князі і баяры, якія былі нездаволены з прычыны політычнае гегемоніі і прывілеяванага палажэньня літоўцаў, пасадзілі на вялікае князяваньне свайго кандыдата — Сьвідрыгайлу, сына Альгерда. Але гэты князь не здалеў утрымаць у сваіх руках уладу. У пачатку сараковых гадоў, з прычыны нездавальненьня князёў і баяр беларускіх і украінскіх зямель, і нават зямлі Жамойцкае, падняліся паўстаньні зямель і выявілася імкненьне іх да адпаду ад Літвы. Літоўскі ўрад, каб замірыць паўстаўшыя землі, быў прымушаны ня толькі гарантаваць ім непарушнасьць старасьветчыны, але зраўняць правы і вольнасьці зямляўласьнікаў памянёных зямель з літоўцамі. Спачатку ўрад зрабіў гэта ў агульна-земскім прывілеі 1447 году, а неўзабаве і у краёвых прывілеях, якія былі нададзены паасобным землям вялікага княства. Агульна-земскі прывілей 1447 году, які быў выдадзены ў той момант, калі Казімер, сын Ягайлы, атрымаў Польскую карону, меў на мэце здаволіць зямляўласьнікаў вялікага княства і прымусіць іх пагадзіцца з тым, што ўстаноўлена вунія вялікага княства з каронай Польскай. Прывілей пашырыў правы зямляўласьнікаў і разам з тым, вызначаў новыя абмежаваньні ўлады вялікага князя. Вялікі князь звальняў усіх князёўскіх, панскіх, шляхоцкіх, баярскіх і мяшчанскіх сялян („кметаў") ня толькі ад выплаты натуральных падаткаў („дзякла") і ад прыгонных павіннасьцяй на яго, вялікага князя, але і ад выплаты грашовага падатку - сярэбшчыны або падымшчыны; вялікі князь браў абавязак ня прымаць на свае землі уласьніцкіх сялян, ужо прымацаваных, забараняючы рабіць гэта самае уласьнікам у вадносінах да сялян вялікага князя; урэшце, ён устанаўляў, што суд над уласьніцкімі сялянамі павінны адпраўляць самі ўласьнікі.