Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раўніком вялікага княства Літоўскага на ўсё сваё жыцьцё. Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае аднавілася для Вітаўта, на ўвесь час пакуль ён жыў, пад сувэрынітэтам польскага караля. Згоду ў Востраве пацьвердзілі на Віленскім сойме ў 1401 годзе.

У 1413 годзе палякі прымушаны былі зрабіць новае папушчэньне - прызнаць існананьне вялікага княства Літоўскага, як асобнае дзяржавы, пад сувэрынітэтам караля польскага, і пасьля таго, як памёр Вітаўт. За гэты час пад кіраўніцтвам Вітаўта вялікае княства Літоўскае значна ўзмацнілася. З княствамі і землямі ўсходняга славянства — з Масквой, Разаньню, Ноўгарадам і Псковам, пасьля некаторых сутычак, Вітаўт улажыў умовы, большай часткай карысныя для вялікага княства. Вітаўт пачаў значна ўплываць на арду ў справе замяшчэньня ханскага пасаду. Пасьля Грунвальдзкае бітвы, у якой Літва разам з Польшчай разьбіла сілы нямецкага ордэну, вялікае княства Літоўскае стала лічыцца за значную політычную адзінку і ў вачох Захаду. З Вітаўтам пачаў беспасрэдныя зносіны імпэратар Жыгімонт; з Вітаўтам жа зносіліся, часьцей за ўсё, і немцы з ордэну, якія клапаціліся аб згодзе, беспасрэдна самі ці праз імпэратара, як пасярэдніка. Усё гэта павінна было рабіць уражаньне і на палякаў: яны пачалі баяцца здрады Вітаўта і літоўцаў, тым больш, што немцы ўвесь час баламуцілі, хочучы парваць вунію Літвы з Польшчай. Гэта прымушала палякаў паклапаціцца аб новым пацьвярджэньні і ўзмацненьні вуніі. На агульным польска-літоўскім зьезьдзе ў Гародлі, што на рацэ Бугу, улажылі новы акт аб вуніі, паводле якога літоўцы абавязаліся нікога не абіраць, як памрэ Вітаўт, і ня прымаць да сябе ў вялікія князі без папярэдняе згоды з палякамі, а палякі, у сваю чаргу, абавязаліся не абіраць сабе каралёў без нарады з літоўцамі. Такім чынам, паводле акту, падпісанага ў Гародлі, Літва, застаючыся ў неразрыўным злучэньні з Польшчай, заўсёды будзе мець асобнага вялікага князя, якога будзе зацьвярджаць кароль польскі.

Аднак, гэты акт вуніі парушылі, як толькі памёр Вітаўт. Вялікае князяваньне, бяз згоды палякаў, абняў Сьвідрыгайла - сын Альгерда, падтрыманы беларускімі і украінскімі князямі і баярамі (1430). Сьвідрыгайла ня толькі парваў вунію, але і стаў у варожыя да Польшчы адносіны. Абапіраючыся, галоўным чынам, на беларускіх князёў і баяр у кіраваньні дзяржавай, Сьвідрыгайла выклікаў супроць сябе нездаваленьне літоўскіх паноў, якім дагэтуль належыла галоўная роля. Палякі скарысталі з гэтага, каб скінуць Сьвідрыгайлу з вялікага князяваньня, і, маючы падтрыманьне з боку літоўскіх князёў, пасадзілі на вялікае князяваньне Жыгімонта, брата Вітаўта (1432), прычым узялі з яго запіс, што пасьля яго сьмерці вялікае княства адыходзіць да караля польскага. Жыгімонт загінуў, як ахвяра змовы літоўскіх паноў, якія былі абураны яго тыраніяй (1440). Як памёр Жыгімонт, літоўскія паны выправілі ў Польшчу пасольства з просьбай да польскага караля Ўладыслава прыслаць у Літву каралевіча Казімера каралеўскім намесьнікам. Але толькі Казімер прыехаў у Вільню, як зараз-жа абвесьцілі яго вялікім князем, бяз згоды палякаў і супроць пастановы актаў 1413 і 1432 гадоў. Каб неяк захаваць вунію, палякі прымушаны былі згадзіцця з самавольным абраньнем Казімера на вялікае князяваньне, і, з свайго боку, абралі яго каралём польскім (1447). Пасьля сьмерці Казімера (1492) літоўскія паны сабралі "старэйшых“ (князёў і баяр) з усіх зямель вялікага княства і, ня пытаючыся палякаў, абралі на вялікае князяваньне сына Казімера - Аляксандра. Польскія паны, у вадпаведнасьці з актам аб вуніі, што быў пад-