Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Проф. Мацей Любаўскі.

Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.

Даўгі час політычнага драбненьня усходняга славянства на паасобныя землі і княствы скончыўся тым, што на іх месцы паўсталі два дзяржаўныя аб'яднаньні — вялікае княства Літоўскае і Маскоўская дзяржава. Першае склалася на цэлае сталецьце раней за другое, і на пачатак XV сталецьця ўцягнула ў сваю організацыю беларускую і украінскую галіны ўсходняга славянства (у большасьці), а другое — вялікарасійскую галіну. Неаднолькавы ўдзел мелі ў гэтым процэсе розныя галіны ўсходняга славянства. У той самы час, як у процэсе стварэньня Маскоўскае дзяржавы вялікарасійская галіна мела ня толькі галоўную, але і выключную ролю, у процэсе стварэньня вялікага княства Літоўскага галоўная роля належыла да літоўскага плямя; Беларусь жа дапамагала яму сваімі матар'яльнымі і культурнымі сродкамі, а Украіна, галоўным чынам, — матар'яльнымі.

Літоўскае плямя спрадвеку жыло па ўзьбярэжжы Балтыцкага мора, ад Ніжняе Віслы і да ракі Аа Ліфляндзкае. Галоўная частка яго — Літва Верхняя (Аўкстота) і Літва Ніжняя (Жамойць) займалі вадазбор Нёмну. На поўдзень ад яе жылі ятвягі, якія займалі паміжрэчча заходняга Бугу і Нёмну, на Захадзе — прусы, якія займалі абшар паміж Ніжняй Віслай і Нёмнам, на поўначы — латышы, у дзьвёх сваіх галінах: Земгала — на левым беразе ніжняе Заходняе Дзьвіны, а Лецьгала — на правым, да ракі Аа.

Прусы і латышы ўжо ў першай палове XIII сталецьця адарваліся ад асноўнага асяродку літоўскага плямя, бо іх заваявалі нямецкія рыцары Прускага і Лівонскага ордэнаў, такім чынам, утварэньне вялікага княства Літоўскага было справай Верхняе і Ніжняе Літвы і рэш-