Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каб хутчэй запоўніць яе; аде перш, чым ён быў зусім засыпаны, велізарны натоўп варвараў хваляй хлынуў на роўнае месца і, як разбушаванае мора, падступіў да падножжа сцен. Не сустракаючы адпору, варвары падставілі лесвіцы і пачалі па іх лезці. Яны былі ўжо на вышыні двух трэціх частак сцяны, калі, раптам, быццам пашчы драконаў, расчыніліся байніцы, выкідваючы полымя і дым; распалены пясок разлятаўся, пранікаючы ў закрэпы ўзброенняў, нафта прыліпала да адзення; расплаўленае волава кацілася кулькамі, падскаквала на шаломах, прапальваючы цела наскрозь; сыпаўшыяся дажджом іскры апальвалі твар, і выпаленыя вочныя ўпадзіны быццам плакалі буйнымі, як міндаліны, слязмі. Валасы палалі ў воінаў, аблітых жоўтым алеем. Яны кідаліся бегчы, запальваючы іншых. Баючыся падыйсці, на іх здалёка накідвалі набракшыя крывёю плашчы, пад якімі яны задыхаліся.

Вялікі роў напоўніўся вышэй берагоў; пад нагамі жывых змешваліся ў кучы параненыя разам з трупамі і паміраючымі. Сярод выварачаных унутранасцяй, раздробленых мазгоў і лужын крыві чорнымі плямамі выступалі абгарэлыя тулавы; рукі і ногі, напалову тырчэўшыя з кучы, трымаліся проста, як шпалеры падпорак у выспаленым вінаградніку.

Аднойчы змрокам Гамількар адправіў атрад лепшых са сваіх воінаў на плоскадокных габарах, на плытах і, павярнуўшы направа з порта, высадзіўся ў Тэніі. Прабраўшыся да перадавых пастоў варвараў і захапіўшы іх з флангаў, карфагеняне ўтварылі бязлітасную рэзню.

Па начах са сцен спускаліся на вяроўках воіны з палаючымі факеламі ў руках, падпальвалі пабудаванні наёмнікаў і зноў падымаліся наверх.

Мато лютаваў; перашкоды толькі распальвалі яго гнеў. Ён падвоіў аванпосты, віламі абтыкаў падножжа сцен і наставіў пастак унізе, прыкрыўшы іх зямлёю, а лібійцам загадаў прыцягнуць ледзь не цэлы лес, каб, падпаліўшы яго, выпаліць Карфаген, як лісавую нару.

Спрабавалі зрабіць падкопы; але глеба кепска трымалася і абсыпалася. Пачалі капаць у другіх мясцох; Гамількар заўсёды даведываўся аб напрамку, прыкладаючы вуха да бронзавага шчыта.

Нарэшце, варвары ўпэўніліся, што горад непрыступны, пакуль не будзе зроблены шчыльна да сцяны доўгая наспа, роўная ёй