Другія тараны, супроць астатніх брам, таксама прыйшлі ў дзеянне. Зарыпелі блокі і скрэпы, вяровачныя завесы распусціліся, і град каменняў і снапы стрэл паляцелі, разам пушчаныя мятальнымі машынамі; прашчнікі збягаліся да сваіх месц; адны з іх падбягалі да вала, хаваючы пад шчытамі гаршкі з кіпячай смалой, і з усяго размаху перакідвалі іх праз канаву. Град знарадаў, дроцікаў, вогненных стрэл, шырокай дугой пралятаючы над перадавымі радамі, падаў па той бок сцен. Але вось, з-за сцен падняліся высокія кранты, якія служылі для ўстаноўкі карабельных мачтаў, і з іх спусціліся велізарныя клюшні, з двух зубчастых унутры паўкругоў. Клюшні ўчапіліся ў сценабітныя машыны. Салдаты, ухапіўшыся за бервяно, цягнулі назад; карфагеняне задыхаліся, каб падняць яго ўверх; і схватка цягнулася да самага вечара.
Калі на наступны дзень, наёмнікі зноў узяліся за справу, то аказалася, што верх сцен быў выкладзены скрозь цюкамі бавоўны, тканінамі, падушкамі; байніцы заткнуты пляцёнкамі, а на верхняй пляцоўцы, паміж крантамі з’явіўся цэлы рад віл і часакоў, насаджаных на даўгія палкі. І ярасны бой зноў закіпеў.
Тараны разбілі Камонскую і Тагасцкую браму. Але карфагеняне награмаздзілі ўнутры так многа розных матэрыялаў, што палавінкі не расчыняліся. Брамы працягвалі стаяць.
Спендзі, не ведаючы стомы, накіроўваў машыны. Ён сам нацягваў цяціву балістаў. Каб нацягненне было роўным з абодвух бакоў, вяроўкі сцягвалі, б’ючы да іх раз за разам справа і злева, пакуль абодва бакі не давалі аднолькавы гук. Спендзі падымаўся на рамы машын. Кончыкам нагі ён ціханька пастукваў па іх і ўважліва прыслухоўваўся, прыкладаючы вуха, як музыкант, які настройвае ліру. Потым, калі ўзлятала дышла катапульту, калі калонка, якая падтрымлівала балісту, дрыжала ад страсення спушчанай спружыны і каменні разляталіся прамянямі, а стрэлы ручаём выляталі адна за аднэй, ён нахіляўся ўсім целам і выцягваў рукі наперад, быццам хацеў паляцець за ім.
Воіны захапляліся яго спрытнасцю, выкочваючы яго загады. Машыны, аднак, не маглі зруйнаваць вал крэпасці. Ён складаўся з двух каменных сцен, да самага верху забітых зямлёю; машыны збівалі толькі верхавінкі. Абложаныя кожны раз узводзілі іх зноў. У роў накідалі дзёрану, бэлек, каменняў, калёсаў з коламі,