Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Спендзі расставіў тры вялікіх катапульты, супроць трох галоўных выступаў гарадскіх умацаванняў; супроць кожнай брамы ён паставіў па сценабітнай машыне, перад кожнай вежай — балісту, мятаўшую стрэлы, а ззаду раз’язджалі з месца на месца лёгкія балісты, пастаўленыя на калёсы. Але трэба было яшчэ зрабіць для іх бяспечным агонь абложаных і, перш за ўсё, заваліць канаву, якая аддзяляла варвараў ад сцен.

Высунулі наперад галярэі з кратаў, сплеценых з яшчэ зялёнага чарота і дубовыя жалабы, накшталт велізарных шчытоў, якія перасоўваліся на трох колах; маленькія шалашы, пакрытыя свежымі скурамі і выкладзеныя вадаростамі, хавалі работнікаў; катапульты і балісты былі ахаваны вяровачнымі завесамі, вымачанымі ў воцаце, каб зрабіць іх незгаральнымі. Жанчыны і дзеці хадзілі па паўзмор’е за каменнямі, збіралі зямлю рукамі і прыносілі яе салдатам.

Карфагеняне таксама рыхтаваліся.

Гамількар іх хутка супакоіў, заяўляючы, што вады ў цыстэрнах засталося на сто дваццаць тры дні. Гэта сцвярджэнне, прысутнасць сярод Гамількара і, асабліва зварот заімфа, выклікала ў іх радасную надзею. Прагненне барацьбы зноў ахапіла Карфаген, змяпіўшы ранейшую роспач.

Узброілі рабоў, выцягнулі ўсё, што яшчэ заставалася ў арсеналах; кожны гарадчанін быў на пасту і атрымаў прызначэнне; цесляры, аружэйнікі, кавалі і майстры залатых рэчаў былі прыстаўлены да баявых машын.

На сцены ўцягнулі ствалы дрэў, млыновыя жораны, гаршкі з серкай, бочкі, поўныя алею, і склалі там печы. На верхнюю пляцоўку вежаў навалілі кучы каменняў, а дамы, якія прылягалі да крэпаснога валу, набілі пяском, каб умацаваць і зрабіць яго шырэйшым.

Нарэшце, у трынаццаты дзень месяца Шабара, — на ўсходзе сонца, — моцны удар сценабітнай машыны загрымеў у браму Камона.

Семдзесят пяць салдатаў цягнулі вяроўкі, прымацаваныя да асновы гіганцкага бярвена, падвешанага ланцугамі да перакладзіны на слупах, як дошка велізарнай гушкалі; яно заканчвалася бараняй галавой цалкам з бронзы. Пад напорам мноства голых рук яно роўна гойдалася, то насоўваючыся наперад, то адступаючы назад.