Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён цалаваў кожны палец на руках яе, яе плечы, яе ногі і зверху да самага нізу яе даўгія косы. Заіф зваліўся, пакрыўшы яе ўсю.

— Унось яго, сказаў Мато, ці-ж я ім даражу? Але толькі вазмі і мяне разам з ім! Я кідаю войска, я ад усяго адмаўляюся! За Гадэсам, у дваццаці днях морскай дарогі, ляжыць востраў, пакрыты залатым пяском, увесь зялёны, увесь населены птушкамі. Па схілах гор велізарныя кветкі, поўныя цудоўнымі пахамі калышуцца, як вечныя кадзільніцы; у высокіх, як кедры цытрыновых гаях, змеі малочнага колеру зрываюць дыямантавымі зубамі плады і скідваюць уніз у густую траву; паветра такое мяккае там, што не дае нікому памерці. О! Я знайду яго, ты ўбачыш! Мы будзем жыць там ў крыштальных пячорах, высечаных ля падножжа ўзгор’яў. Там ніхто яшчэ не жыве, гавораць; а калі мы сустрэнем людзей, я зраблюся ў іх каралём.

Мато выцер пыл на яе катурнах; ён захацеў, каб яна ўзяла ў рот кавалачак граната; склаў за спіной яе груду адзення, замест падушак. Ён усяляк стараўся ёй дагадзіць, унізіцца перад ёю, і нават закрыў ёй ногі заімфам, як простым пакрывалам.

Апусціўшы галаву ёй на грудзі, ён горка заплакаў, расказваючы аб сваіх доўгіх пакутваннях.

Дык вось ён які, — думала Саламбо, — гэты страшны чалавек, перад якім дрыжыць Карфаген.

Тымчасам, стомлены хваляваннем і слязмі, Мато заснуў. Тады яна, вызваліўшыся з яго рук, працягнула нагу на падлогу і заўважыла, што ланцужок яе парваўся.

Дзяўчат, у дамах славутых родаў Карфагена, прывучылі лічыць гэтыя ножныя ланцужкі нечым святым; Саламбо, пачырванеўшы, абматала вакол ног абрыўкі залатога ланцужка.

Мато спаў, як п’яны; ён ляжаў на баку і рука яго звесілася з краю ложка.

Саламбо нерухома глядзела на яго, схіліўшы галаву, склаўшы крыжам на грудзях рукі.

Раптам пачуліся крыкі; страшэннае зарыва прасвечвала скрозь тканіну палаткі. Мато прачнуўся, падняў заслону і яны ўбачылі велізарныя языкі полымя, ахапіўшыя лагер лібійцаў.

Палалі іх трысцінавыя хаціны; сцяблы, скручваючыся, трэскаліся сярод дыму і ўзляталі як стрэлы; у чырвоным зарыве беглі ашалелыя чорныя цені. Чулася раздзіраючае выццё пакінутых