Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у хацінах; сланы, быкі, коні шалелі ў натоўпе, топчучы яго разам з харчовымі прадуктамі і паклажай, якую выцягвалі з пажарышча. Трубы грымелі, чутны былі крыкі:

— Мато! Мато! Дзе Мато?

Ля ўвахода ў палатку сабраліся людзі і спрабавалі ўварвацца ўнутр.

— Выходзь-жа хутчэй! Гамількар паліць лагер Аўтарыта!

Ён выскачыў адным скачком. Саламбо засталася адна.


∗     ∗

Зямля дрыжэла пад мноствам крокаў. Чуліся гучныя крыкі, іржанне коняй, ляск зброі; усюды трубілі ў атаку.

Варвары даўгімі радамі спускаліся бегам са схілаў гор; карфагенскае войска правільнымі чатырохкутнікамі наступала на іх, цяжка і роўнамерна калыхаючыся. Шпарка насоўваючыся, атрады, ахутаныя цемрай, былі ледзь прыкметны; здавалася, рушыла сама зямля, здавалася, цэлыя схілы ўзгор’яў раптам пачыналі апаўзаць.

Мато ледзь адрозніваў часці абодвух войск. Раптам ад варвараў аддзяліўся Нар-Гавас са сваёй конніцай; замест таго, каб прыкрываць пяхоту, ён рэзка павярнуў у бок, нібы хацеў аддаць сябе на змяцце войску Гамількара.

Але, параўнаўшыся з атрадам, які ахоўваў суфета, Нар-Гавас, спыніўшы сваіх воінаў, рашуча пад’ехаў да аднаго з вартавых. Ён скінуў на зямлю свой меч, піку, свае дроцікі, і знік у натоўпе карфагенян.

Правадыр нумідзійцаў увайшоў у палатку Гамількара і сказаў, паказваючы на сваіх воінаў, якія стаялі воддаль.

— Барка, я прывёў іх табе. Яны твае!

Ён прасцёрся перад ім ў знак рабства і, у доказ сваёй вернасці, пачаў хітрасцю і ваеннай улоўкай апраўдваць свае паводзіны з самага пачатку вайны.

Суфет слухаў яго, не перапыняючы. Не пытаючыся Нар-Гаваса, чаму ён не з’явіўся раней, і не выкрываючы ні аднэй яго хлусні, ён пацалаваў і тройчы прыціснуў правадыра нумідзійцаў да грудзей.

Толькі поўная роспач і жаданне ўсяму пакласці канец прымусіла Гамількара падпаліць лібійцаў і рашыцца на вы-