Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на кавалкі; усе адзін ад аднаго заражаліся гарачнасцю, душа Гамількара напаўняла рэспубліку.

Усё было гатова, але Гамількар яшчэ не выступаў.

Карфагеняне чакалі вайны з такой-жа нецярплівасцю, як і варвары. І ў далінах і ў палатках хваляваліся адным жаданнем, адной трывогай; усіх мучыла адно і тое-ж пытанне, — што затрымлівае Гамількара.

А ён ад часу да часу паднімаўся на кумпал храма Эшмуна, станавіўся побач са звястуном месяца і назіраў за ветрам.

Аднойчы, гэта было на трэці дзень месяца Цібі, усе ўбачылі, як ён вельмі паспешна пусціўся да Акропаля. І зараз-жа па вуліцах заварушыўся народ. У Мапалах усё пачало шумна рухацца, жанчыны ў слязах кідаліся на грудзі спехатліва ўзброіўшымся воінам, якія спяшаліся на пляц Камона заняць сваё месца ў радах. За імі ісці не дазвалялася, нават гутарыць нельга было з імі; да ўмацавання ніхто не павінен быў падыходзіць; і горад вельмі хутка заціх, як велізарная магіла. Салдаты задумваліся, апіраючыся на пікі; а тыя, што, засталіся дома адны, уздыхалі.

Калі сонца зайшло, войскі выступілі праз заходнюю браму; але, замест таго, каб рушыцца проста насустрач наёмнікам, яны пайшлі берагам мора і хутка дайшлі да салоных лагун, дзе паблісквалі, пабялеўшыя ад солі круглыя лужыны, зусім як велізарныя срэбныя паўміскі, забытыя некім на беразе.

Лужыны пачалі сустракацца ўсё часцей. Глеба рабілася мягчэйшай, ногі ў ёй грузлі; Гамількар не думаў вяртацца. Ён ехаў увесь час наперадзе; і конь яго ўвесь як дракон ў жоўтых плямах, раскідваючы пену навокал моцнымі штуршкамі, рухаўся ўперад па гразкой дарозе. Ноч насунулася, ноч без месяца, цёмная. Пачуліся крыкі страху: некаму здалося, што ўсе гінуць; Гамількар пазрываў з перапалоханых зброю і аддаў яе слугам. Глей рабіўся ўсё глыбейшым і глыбейшым. Многім прышлося сесці на ўючных жывёлін, другія чапляліся за хвасты коняй; дужэйшыя цягнулі слабейшых, і атрад конных лігураў канцамі пікаў падштурхваў ззаду пяхоту. Цемра яшчэ больш згусцілася: войска збілася з дарогі, усе спыніліся.

Рабы суфета пайшлі ўперад шукаць вехаў, якія былі расстаўлены раней, па яго загаду, на пэўнай адлегласці адна ад аднэй. Рабы крычалі ў цемнаце, і войска здалёк памалу ішло следам за імі.