Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

складалі большасць; тыя, хто меў самы вялікі ўплыў, сталі побач з Ганонам, які сядзеў у другім канцы залі, каля дзвярэй.

Ён замазаў румянамі язвы на твары. Рукі былі абверчаны павязкамі, прасякнутымі наскрозь тлустымі пахнючасцямі, якія капалі на пліты падлогі, хвароба яго, як відаць, прогрэсавала: вочы зніклі пад апухлымі павекамі; ён павінен быў закідваць галаву, каб бачыць. Ён загаварыў хрыплявым і вельмі няпрыемным голасам.

— Менш ганарыстасці, Барка. Усе мы бывалі разбітымі. Кожнаму прыходзіцца несці сваё гора. Скарыся і ты.

Гамількар працягваў:

— Калі-б вы любілі мяне хоць так, як яго, Карфаген быў-бы цяпер ахоплены вялікай радасцю. Колькі разоў я рабіў заклік да вас, а вы мне заўсёды адмаўлялі ў грошах.

— Нам яны патрэбны самім, — адказалі верхаводы Сісітаў.

— А калі маё становішча было роспачным, — мы ў той час пілі мачу аслюкоў і з’елі пасы ад сандаляў, — калі я хацеў, каб усе травінкі ў палях абярнуліся ў салдатаў і гатовы быў складаць атрады з гнілі нашых забітых, — вы адазвалі да сябе апошнія мае караблі.

— Мы не можам усім рызыкаваць — адказваў Ваал-Ваал, уладар залатых руднікоў у Гетулі.

— А што вы рабілі тут, у Карфагене, у вашых дамах, за вашымі сценамі? Вы павінны зрабіцца разумнейшымі, і трымаць усіх пад страхам. І калі Афрыка, уся цалкам, скідвае ваша ярмо, — значыць вы не ўмееце, — вы, кіраўнікі кволыя, — надзець яго зноў ёй на шыю. І калі лібійцы з усходу згаворацца з нумідзійцамі на захадзе, калі вандроўнікі з’явяцца з поўдню, а рымляне з поўначы…

Пачуліся крыкі агульнага жаху.

— О, тады, вы пачнеце біць сябе ў грудзі, валяцца ў пылу, рваць на сябе вопраткі. Дарэмна, — вам усё-ж прыдзецца скарыцца і пайсці круціць жорны ў Сабуры, ці знімаць вінаград на горах Лацыума.

Старэйшыя ўдарылі сябе па правай ляшцы ў знак нязгоды, і рукавы іх вопраткі ўзняліся, як велізарныя крылы спалоханых птушак. Ахоплены бадзёрым настроем, Гамількар працягваў гаварыць, стоячы на верхняй сходцы афярнікі, дрыжачы,