Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Спендзі даручылі аблогу Уцікі; Мато — Гіпо-Зарыту; трэці атрад, апіраючыся на Туніс, павінен быў заняць раўніну перад Карфагенам; узяўся за гэта Аўтарыт; Нар-Гавас-жа варочаўся да сябе ў Нумідыю, каб прывесці адтуль сланоў і конніцай, заняць усе дарогі.

Вялікае было здзіўленне Карфагена, калі войска, раптам, рушыла ў дарогу. Толькі частка засталася перад Тунісам, астатняя схавалася, каб зноў з’явіцца на час, ужо на другім беразе затокі, на ўскрайках лясоў, у глыбіні якіх яна знікала зусім.

Карфагеняне адчувалі, што іх становішча безнадзейнае.

Варвараў было ўсяго тысяч восемдзесят. Абодвум цірскім гарадам не ўстояць перад імі, і войска зноў пойдзе на Карфаген. Даволі значная армія ўжо аблажыла яго, заняўшы пярэсмык знізу; а хутка горад загіне ад голаду, бо Карфаген не мог жыць без падтрымання правінцыі.

Скарбніца была спустошана рымскай вайной і ўсім, што было растрачана і згублена, калі гандлявалі з варварамі. Карфаген адчуваў патрэбу ў салдатах, але ніводзін урад ужо не верыў яму. Апрача таго крадзеж пакрывала прыгнятаў дух. Спендзі меў рацыю.

Гэты народ, адчуваючы ўсеагульную нянавісць, яшчэ больш чапляўся за грошы і за сваіх багоў: любоў яго да бацькаўшчыны падтрымлівалася ў ім самым строем праўлення.

Перш за ўсё, улада залежала ад усіх, прычым ніхто не быў такім моцным, каб ёю аўладаць. Прыватныя даўгі лічыліся даўгамі грамадскімі. Займацца гандлём маглі толькі людзі ханаанскага племені. Павялічваючы даходы, здабытыя морскімі разбоямі, ліхвярствам, бязлітаснай эксплаатацыяй арэндатараў, рабоў і беднякоў, — іншы раз дабіваліся багацця. Толькі яно адкрывала шлях да ўлады; але хоць і грошы і ўлада спрадвеку заставаліся ў тых-жа радах, — астатнія цярпелі гэту алігархію, бо кожны спадзяваўся з часам прыняць у ёй удзел.

Таварыствы гандляроў, дзе складаліся законы, вызначалі загадчыкаў фінансамі, якія, скончыўшы тэрмін службы, абіралі са свайго асяроддзя сто членаў савета старэйшын, якія залежылі, у сваю чаргу, ад вялікага схода, што яднаў усіх багатых.

Што-ж да абодвух суфетаў, гэтага перажытку каралеўскай улады, дык іх назначалі ў адзін і той-жа дзень, з розных плямён. Іх заўсёды стараліся пасварыць, каб яны аслаблялі адзін