аднаго. Яны не маглі вырашыць пытанняў вайны; а ў выпадку перамогі Вялікі Савет крыжаваў іх.
Такім чынам, уся моц Карфагена залежыла ад Сісітаў, — так называўся вялікі двор у сярэдзіне квартала Малкі. Будынкі складаліся з раду маленькіх пакоікаў, старанна адгароджаных адзін ад аднаго, каб усялякія гандлёвыя таварыствы, якія там збіраліся, маглі патаемна абмяркоўваць свае справы. Натоўпы багатых знаходзіліся там па цэлых днях, разважаючы і аб сваіх, і аб дзяржаўных клапотах, пачынаючы з пошукаў перца, аж да знішчэння Рыма. Тры разы ў месяц яны загадвалі выносіць свае ложы на высокую тэрасу, якая ішла вакол сцяны двара; і знізу бачылі іх узляжачымі за сталамі пад адкрытым небам, зняўшы плашчы і катурны; іх пакрытыя дыямэнтамі пальцы перабіралі мясныя стравы, а велізарныя завушніцы схіляліся паміж чашамі; — усе яны былі сільныя і тоўстыя, паўголыя, шчаслівыя; яны смяяліся і елі пад блакітным небам, як вялікія акулы, гуляючыя ў моры.
Але цяпер яны не маглі схаваць сваёй трывогі, надта блядыя былі іх твары; чакаўшы ў брамы натоўп праводзіў іх да палацаў, стараючыся даведацца пра што-небудзь новае; як у часе чумы, усе дамы былі замкнены, вуліцы то шпарка напаўняліся народам, то раптам, у момант пусцелі; людзі падымаліся да Акропаля, спяшаліся ў бок гавані; кожную ноч рабіў нарады Вялікі Савет. Нарэшце, народ склікалі на пляцы Камона; пастаноўлена было даручыць абарону Ганону, пераможцу пры Гекатампілі.
Гэта быў чалавек набожны, хітры, бязлітасны да ўраджэнцаў Афрыкі, — сапраўдны карфагенянін. Даходы яго былі роўныя даходам Баркі. Больш ніхто нё ўладаў такім вопытам у справах кіравання.
Ён аддаў загад завербаваць усіх здаровых грамадзян, ён расставіў катапульты на вежах, запатрабаваў непамерных запасаў зброі і распарадзіўся нават пабудаваць чатырнаццаць галер, у якіх не было ніякай патрэбы, а галоўнае — патрабаваў, каб усяму вёўся дакладны, падрабязны і старанна напісаны запіс.
Ад празмернага страху ўсе зрабіліся надзвычай адважнымі. Багацеі, з першымі пеўнямі, выстройваліся ўздоўж Мапала; падткнуўшы сваю даўгую вопратку, вучыліся, як абыходзіцца з пікай. Але, з прычыны недахвату кіраўнікоў, паміж імі разгара-