Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якія спускаліся пад пліты падлогі, прымацоўвалі яе за абсацы да п’едэстала. Мато ледзь стрымаў крык. Ён прамармытаў:

— Ах, вось яна, вось яна!

Спендзі схапіў з п’едэстала свяцільнік, каб аглядзецца.

— Які-ж ты нечасцівец, — прашаптаў Мато. Але ўсё-ж ён ішоў за ім усюды. Сэрца яго трапятала ад забабоннага страху; з кожным крокам уперад ён чакаў, што яго стрэне смерць.

Нарэшце, яны прайшлі ў маленькую круглую залю, такую высокую, што яна здавалася ўнутранасцю калюмны. Пасярэдзіне знаходзіўся вялікі паўкулявідны чорны камень, падобны на тамбурны; полымя гарэла на ім; ззаду стаяў конус з чорнага дрэва, з галавой і двума рукамі.

А ў глыбіні ззяла нешта, падобнае да воблака, прарэзанае зіхатлівымі зоркамі; у глыбі яго складак з’яўляліся фігуры: Эшмун з Кабірамі, страшыдла з целам тыгра і вачыма на рожках, як у слімакоў, свяшчэнныя жывёліны вавілонцаў і шмат іншых, ніколі імі небачаных. Нібы плашчом, ахутвала яно ідала, адкрываючы твар, а затым расцілалася ўверх па сцяне, прымацаванае да яе вугламі; было яно пераліўчастае, паўпразрыстае, блішчастае, лёгкае, у ім была адначасова і сінізна ночы, і жоўты колер золаку, і барвовасць сонца. Гэта было пакрывала багіні, свяшчэннай заімф, на які ніхто не павінен быў глядзець.

І той, і другі пабялелі.

— Вазмі яго, — сказаў нарэшце Мато.

Спендзі не стаў хістацца.

Ён так дамагаўся пакрывала не таму, што верыў у яго магутнасць (Спендзі верыў толькі Аракулу), але ён быў пераконаны, што карфагеняне, страціўшы яго, страцяць веру ў свае сілы.

Апіраючыся аб ідала, ён адчапіў пакрывала, і яно разаслалася на плітах падлогі. Мато-паціху крануўся яго рукой; пасля, прасунуўшы ў адтуліну галаву, закруціўся ў яго і падняў рукі, каб лепш ім любавацца.

— Хадзем, — сказаў яму Спендзі.

Але ў гэту хвіліну раптам пачуўся прарэзлівы жаночы голас:

— На дапамогу! На дапамогу!

Спендзі спалохана крыкнуў:

— Уцякай-жа хутчэй! Сюды ідуць!

Моцны шум разрастаўся, патрасаючы сходкі лесвіц, і цэлая хваля людзей хлынула ў памяшканне, дзе быў Мато: жанчыны,