За першай агародай ішла другая, праз якую вялі тры прыступкі з чорнага дрэва. Прайшоўшы праз сад гранатных і міндальных дрэваў, кіпарысаў і мірт па алеі, па ўсёй даўжыні якой звешваліся паўраспукнутыя ружы, яны апынуліся перад лесвіцай з шасці срэбных прыступак. Падняўшыся па ёй, яны ступілі за трэцюю агароду.
Велізарны кедр займаў тут сярэдзіну. Ніжнія галіны яго знікалі, абвешаныя кавалкамі тканін і пацеркамі, — прынашэнні веруючых. Яшчэ некалькі крокаў, і фасад храма адкрыўся перад імі.
Дзве даўгія галярэі на прысадзістых калюмнах цягнуліся па бакох чатырохвутольнай вежы, аздобленай наверсе срэбным паўмесяцам. На выступах галярэй і па чатырох вуглах вежы ўзвышаліся вазы, напоўненыя запаленымі курэннямі.
Перад бронзавай лесвіцай, якая спускалася ад пераддзвер’я храма, шырокім паўкругам стаяла срэбная плеценая загародка тонкай работы.
Першы пакой быў вельмі высокі; бязлікія адтуліны прарэзвалі скляпенне; падняўшы галаву, можна было бачыць зоры. Каля сцен, навокал, у трысцінавых кошыках былі кучай навалены састрыжаныя бароды і валасы з гадоў афяр — юнакоў, якія дасягнулі даросласці. Пасярэдзіне стаяла ўвабражэнне таўстой, барадатай жанчыны; напалову заплюшчыўшы вочы, яна, здавалася, усміхалася, склаўшы рукі пад тоўстым жыватом, які быў адпаліраваны пацалункамі натоўпа.
Пасля доўгіх пошукаў выхада, Спендзі заўважыў вузкую адтуліну над дзвярыма, зачыненымі з сярэдзіны; і дзверы не паддаваліся старанням Спендзі і Мато адчыніць іх.
— Устань, — сказаў Спендзі Мато і паставіў яго, стоячы, да сцяны.
Паставіўшы нагу яму на складзеныя рукі, а другую на галаву, ён падцягнуўся да самай адтуліны, праціснуўся ў яе і знік.
Потым Мато пачуў, што на плячо яго ўпала вузлаватая вяроўка, і, схапіўшыся за яе рукамі, ён вельмі хутка апынуўся побач са Спендзі ў велізарным поўным змроку зале.
Нейкі водбліск дрыжэў у глыбіні змроку. Яны наблізіліся. Гэта быў свяцільнік-лямпада, якая гарэла ў вялікай чарапашыне на п’едэстале статуі-багіні ў галаўным убранні Кабіраў. Дыяментавыя крожочкі ўсейвалі яе доўгае блакітнае адзенне; і ланцугі,