Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Спендзі на хвіліну замёр у нерашучасці, ён увесь дрыжаў; нарэшце, зварочваючыся да лібійцаў, якіх было асабліва многа паблізу, ён сказаў:

— Вы ўсе чулі страшныя пагрозы гэтага чалавека?

Ганон прамаўчаў. Значыцца ён не разумеў лібійскай мовы; Спендзі спрабаваў працягваць далей і паўтарыў тыя-ж словы і на другіх мовах варвараў. Воіны здзіўлена пераглянуліся, пасля ўсе, быццам па маўклівым ўгаворы, думаючы, што і яны таксама зразумелі прамову Ганона, — схілілі ў знак згоды галовы.

Тады Спендзі загаварыў упэўненым голасам:

— Перш за ўсё ён сказаў, што вашы богі нічога не значаць перад багамі Карфагена. Ён назваў вас трусамі, злодзеямі, ілгунамі, сабакамі і сабачымі дзецьмі. З-за вас (ён так сказаў) рэспубліка вымушана плаціць рымлянам даніну, і з-за вашых надмернасцяй засталася без пахнючасцяй, рабоў і ўгнаення, бо вы змовіліся з вандраўнікамі на граніцы, спыніўшы зносіны з Кірэнаікай. Але і вінаватыя будуць пакараны. Ён прачытаў вам спіс іх пакаранняў; іх прымусяць брукаваць вуліцы горада, аснашчаць караблі, паставяць на работы па ўпрыгожанні двара сісістаў, а астатніх пашлюць капаць зямлю ў рудніках краіны Кантабраў.

Гэту-ж прамову Спендзі паўтарыў і галам, і грэкам, кампанійцам і балерам. Пачуўшы, што ён паўтарыў некалькі слоў, якія яны памяталі з прамовы суфета, наёмнікі цалкам пераканаліся, што ён перадаў яе дакладна. Толькі некалькі чалавек закрычалі:

— Ты ілжэш!

Іх галасы загубіліся ў агульным шуме. Спэндзі дадаў:

— Ці-ж вы не бачылі атрад коннікаў, што ён пакінуў ззаду за лагерам. Па першым знаку яны прыляцяць, каб вас перабіць.

Варвары павярнуліся ў той бок, і ў тую-ж хвіліну, калі натоўп падаўся, сярод іх з павольнасцю здані з’явілася нейкая падобнасць чалавека, — схуднелы зусім голы мужчына, да пояса прыкрыты даўгімі запыленымі валасамі, з тырчачымі ў іх сухімі лісцямі і калючкамі. Паясніца і калены яго былі ахутаны саломай, прамазанай глінай са шматкамі рыззя, друзлая зямлістая