Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і поўныя вады кантары стаялі побач з кветкамі ў кошыках, сплеценых з золата. Вочы ўсіх ззялі радасцю чакання сытнага ядзення, дзе-ні-дзе заводзілі песні.

Перш за ўсё ім падалі птушак з зялёнай падлівай на размалёваных чорнымі малюнкамі талерках з чырвонай гліны, потым чарапашыны ўсялякіх сартоў, якія толькі збіраюць па пуніцкіх берагах, пахлёбкі пшанічныя, бабовыя і ячменныя і слімакоў з кменам на паўмісках з жоўтага бурштыну.

Потым сталы пакрыліся мяснымі стравамі: антылопы з рагамі, павы ў пер’і, цэлыя бараны, вараныя ў маладым віне, задкі вярблюдаў і буйвалаў, падсмажаная саранча і развараныя соні. Высокія піраміды садавіны абвальваліся і рассыпаліся па мёдавых пірагах. Не былі забыты нават маленькія сабачкі з вялікімі жыватамі і ружовай шэрсцю, выкармленыя цэдам аліўкавых арэхаў, — карфагенская страва, якой грэбавалі іншыя народы. Здзіўленне перад невядомай ежай толькі ўзмацняла прагавітасць. Галы, з даўгімі, сабранымі на макаўцы валасамі, вырывалі адзін у аднаго кавуны і лімоны і елі іх разам са скарынкай. Негры, ніколі не бачыўшыя лангуст, драпалі твары аб іх чырвоныя камочкі. Выбрытыя, белыя, як мурмар, грэкі скідвалі аб’едкі з талерак у бок, тады як пастухі з Бруцыума, апранутыя ў воўчыя скуры, наядаліся моўчкі, уткнуўшы твар у ежу.

Ноч агортвала зямлю. Прынеслі свяцільні.

Воблескі святла перапалохалі спаўшых на верхавінах кедраў малпаў, прысвечаных месяцу. Яны ўзнялі лямант, што вельмі развесяліла салдатаў.

Уздоўжаныя водсвіты нафтавага полымя, якое гарэла ў парфіравых чашах, дрыжэлі на бронзавым узбраенні. Паўміскі, выкладзеныя самацветнымі каменнямі, рассыпалі снапы рознакаляровых іскраў. Кратэры з краямі накшталт увагнутых люстэрак адлюстроўвалі скажаныя ўшырыню прадметы; воіны, абступіўшыя іх наўкола, здзіўлена разглядвалі сябе ў іх, і рабілі грымасы, смешачы адзін аднаго. Яны перакідваліся праз сталы табурэткамі са слановай касці і залатымі лапатачкамі для ядзення. Яны, не разбіраючыся, наліваліся ўсялякімі вінамі. На зямлі віно стаяла ўжо лужамі і ў іх коўзалася нага. Адначасова чулася чаўканне, гоман, спевы, звон келіхаў, дзвэнк разбіваўшыхся на тысячы кавалкаў ваз з кампанійскім віном, ці чысты