ЛЯ СЦЕН КАРФАГЕНА
РАЗДЗЕЛ І
Баль
Гэта было ў Мегары, прадмесці Карфагена, ў садах Гамількара.
Воіны балявалі, спраўляючы гадавіну Эрыкскай бітвы, і паколькі гаспадар адсутнічаў, а іх было шмат, яны елі і пілі на поўнай волі.
Тут былі людзі ўсіх як ёсць тагочасных народаў — лігуры, лузітанцы, балеары, негры і беглыя з Рыма. Побач з цяжкай дорыйскай гаворкай раздаваліся шумныя, нібы баявыя калясніцы, кельцкія склады і пявучыя іонійскія канчаткі сутыкаліся з рэзкімі, як крык шакала, зычнымі пустыні. Грэка лёгка было пазнаць па стройнай постаці, егіпцянца па сутулых плечах, кантабра па тоўстых лытках. Карыйцы горда пакалыхвалі пер’ямі касак, кападокійскія лучнікі размалявалі сабе цела ў буйныя кветкі, а некалькі лідыйцаў у жаночых сукнях сядзелі ў туфлях і з завушніцамі ў вушах. Другія, дзеля большай святочнасці, пафарбаваліся пурпурам і былі падобны да каралявых вылепкаў.
Адны расцягнуліся на падушках, другія елі, прысеўшы на карачкі навакол велізарных паўміскаў з ежай, або лежачы на ўзлокатках цягнулі да сябе кавалкі мяса, у мірнай позе львоў, разрываючых здабычу. Усе, хто спазніўся, стаялі, прыхіліўшыся да дрэваў, глядзелі на нізкія сталы, амаль знікаўшыя пад барвянымі абрусамі, і чакалі свае чаргі.
Сярод саду, як на полі бітвы пры спальванні целаў забітых, гарэлі вялікія яркія агні, на якіх уцалку падсмажвалі быкоў. Вялізныя булкі хлеба, пасыпаныя анісам, чаргаваліся з велізарнымі сырамі, цяжэй за мятальныя дзіскі, і поўныя віна кратэры,