Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА

Падзеі, аб якіх апавядаецца ў кнізе «Ля сцен Карфагена», не выдуманыя,  — яны сапраўды адбыліся звыш двух тысяч год назад (дакладней у 241—237 гг. да пачатку нашага часалічэння).

Ашуканае ўрадоўцамі Карфагена, наёмнае войска паўстала супроць рэспублікі і, на працягу амаль чатырох год, вяло з ёю заўзятую, бязлітасную барацьбу, якая кончылася іх поўным паражэннем і знішчэннем.

Трэба было ўладаць надзвычайным умельствам, талентам, каб узнавіць перад намі падзеі і людзей, якія жылі ў такія далёкія ад нас часы, і так расказаць пра іх, што мы не можам не верыць апавядальніку і мімавольна хвалюемся і мучымся за яго герояў, нібы гэта ўсё адбывалася або з намі самымі, або ў вельмі блізкія нам часы.

Аўтар гэтай кніжкі быў славуты французскі пісменнік Густаў Флобер, які нарадзіўся ў 1821 і памёр у 1880 г. Некалькі яго твораў стварылі яму неўміручую славу і пакінулі глыбокі след у гісторыі літаратуры; яны лічацца ўзорнымі па хараству і выразнасці стылю.

Але, апрача таленту, Флобер выявіў яшчэ і велізарныя веды. Ён шмат год аддаў на ўпартую працу па вывучэнні ўсяго, што было вядома пра тыя часы, аб якіх ён пісаў. Ён нават асабіста пабываў там, дзе адбываліся падзеі яго апавядання, і старанна аб’ездзіў і агледзеў месца, дзе быў калісці Карфаген. Як вядома, шмат вякоў таму назад вялікі горад Карфаген быў зусім зруйнаваны рымлянамі, і на месцы яго засталіся адны, напалову засыпаныя гарачымі пяскамі Афрыкі, руіны.

Перанясемся-ж, следам за Флоберам, у тыя далёкія часы і паглядзім, што тады дзеялася на зямлі.

Перад намі Міжземнае мора. Яно даўгой, звілістай, зрэзванаю шматлікімі поўастравамі паласою ўразаецца паміж трыма матэрыкамі — Еўропай, Азіяй і Афрыкай. Берагі яго ўжо перад тым на